Памяць пра Вялікую Перамогу і ў новым стагоддзі аб’ядноўвае людзей добрай волі. Аб гэтым заявіў міністр абароны Андрэй Раўкоў на ўрачыстым сходзе ў Палацы Рэспублікі, прысвечаным Дню Перамогі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Міністр адзначыў, што Вялікая Айчынная вайна не мае аналагаў у сусветнай гісторыі па маштабе, уцягнутых рэсурсах, узроўні супраціўлення ворагу, ахвярнасці народаў, якія перамаглі фашызм. “Памяць пра Вялікую Перамогу сёння застаецца той магутнай сілай, якая і ў новым стагоддзі аб’ядноўвае ўсіх людзей добрай волі, з’яўляецца важным фактарам, што стрымлівае спараджэнне рэваншысцкіх амбіцый”, – сказаў Андрэй Раўкоў. “Менавіта таму мы зноў звяртаемся да нашага гераічнага мінулага, беражом свяшчэнную памяць пра пакаленне пераможцаў, абараняем гістарычную праўду пра Вялікую Перамогу”, – дадаў ён. Як падкрэсліў міністр, Вялікая Перамога – гэта перамога маральнага духу народа, не зломленага фашызмам. Андрэй Раўкоў адзначыў сімвалічнасць таго, што менавіта БССР стала адной з краін – заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Гэты факт стаў прызнаннем той вялікай ролі, якую адыграў беларускі народ у перамозе над фашызмам. Для сучаснай Беларусі Вялікай Перамога – гэта вечная нацыянальная гордасць. “Гэта аснова нашага патрыятызму”, – перакананы Андрэй Раўкоў. Звяртаючыся да прысутных у зале ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, ветэранаў, працаўнікоў тылу, Андрэй Раўкоў запэўніў, што сучаснае пакаленне ганарыцца іх подзвігам і будзе дастойны яго. “У сучасных умовах мы зробім усё неабходнае, каб надзейна забяспечыць бяспеку на беларускай зямлі”, – рэзюмаваў кіраўнік абароннага ведамства.
БелТА
БелТА