На Дзятлаўшчыне ўмеюць шчыра і цёпла прымаць гасцей, а таму прыемныя сюрпрызы для 26 дзяцей і трох педагогаў з Луганска, якія адпачываюць у дзіцячым санаторыі “Баравічок”, прадаўжаюцца.


На гэты раз з падарункамі да юных адпачывальнікаў наведаліся прадстаўнікі ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” і прыватнага прадпрыемства ТАА “Панэкспа”.


Госці пацікавіліся ў дзяцей, ці падабаецца ім бавіць канікулы ў нашым раёне, расказалі, што прывезлі для іх рэчы, якія спатрэбяцца ў новым навучальным годзе і не толькі, а таксама выказалі спадзяванне, што дні, праведзеныя ў “Баравічку”, і сяброўскі прыём запомняцца на доўгія гады.




Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем прынялі ад наведвальнікаў падарункі, а затым разам пафатаграфаваліся на памяць.



– Дзяцінства ў кожнага павінна быць шчаслівым, – падзяліўся ўражаннямі ад удзелу ў дабрачыннай справе дырэктар ТАА “Панэкспа” Павел Сазон. – На Луганшчыне цяпер няпростая абстаноўка, і работнікам нашай арганізацыі хацелася падарыць маленькім наведвальнікам Дзятлаўшчыны часцінку дабрыні і хвіліны радасці. Мы прывезлі хлопчыкам і дзяўчынкам бесправадныя навушнікі і нават не чакалі, што рэакцыя будзе такой яркай. Нам прыемна бачыць радасныя ўсмешкі дзяцей, бо яны натхняюць на далейшыя добрыя справы.

– Чужых дзяцей не бывае, – упэўнены дырэктар ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” Уладзімір Жых. – Наша арганізацыя, як і многія іншыя ўстановы раёна, прымае ўдзел у дабрачыннай дзейнасці. Магчымасць падарыць радасць дзецям з Луганска падтрымаў наш калектыў. Мы падарылі кожнаму з юных адпачывальнікаў канцылярскія наборы. Там шмат рэчаў, якія спатрэбяцца ім у новым навучальным годзе, няхай ён будзе для ўсіх паспяховым.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае