Тэма

Дзякуючы змяненням у заканадаўстве Беларусі, магчымасцяў па датэрміновым выкарыстанні сродкаў сямейнага капіталу стала больш.

Факт

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 кастрычніка 2024 года № 403 “Аб змяненні ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” падоўжаны тэрмін дзеяння праграмы сямейнага капіталу яшчэ на пяць гадоў: з 1 студзеня 2025-га па 31 снежня 2029 года.

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2024 года № 1067, якая ўступіла ў сілу з 15 студзеня 2025 года, пашыраны магчымасці для датэрміновага выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу.

Слова спецыяліста

Наталля Чарняк, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама:

– Мяркую, для многіх шматдзетных сем’яў найбольш актуальнымі з’яўляюцца жыллёвае пытанне ці патрэба ў паляпшэнні, пашырэнні жыллёвых умоваў. Цяпер датэрмінова выкарыстоўваць сямейны капітал на ўзвядзенне жылля ў шматкватэрных жылых дамах, у тым ліку на пагашэнне крэдытаў, узятых з гэтай мэтай, змогуць сем’і і грамадзяне, якія будуюцца або пабудавалі кватэру самастойна без накіравання рай- ці гарвыканкама.

Больш мяккімі сталі яшчэ і ўмовы па ўліку ва ўласнасці жылля для прадастаўлення права на датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу з мэтай паляпшэння жыллёвых умоваў. А менавіта: у агульнай плошчы жылля, якое знаходзіцца ва ўласнасці сям’і, не будуць улічвацца жылыя памяшканні, прызнаныя неадпаведнымі ўстаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням.

Таксама дадзена магчымасць датэрмінова выкарыстоўваць сямейны капітал на набыццё долі або доляў жылых памяшканняў, калі ў сям’і ўжо ёсць ва ўласнасці такія долі, замацаваныя за некалькімі яе членамі.

Актуальна

Прадастаўлена права датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу для вяртання крэдыту, атрыманага ў парадку рэфінансавання на пагашэнне запазычанасці па раней заключаным крэдытным дагаворы на аплату ўзвядзення, рэканструкцыі, набыцця жылля, аднак для гэтага ў нарматыўным акце прапісаны пэўныя ўмовы. Па-першае, гэта знаходжанне на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. Па-другое, адсутнасць ва ўласнасці жылля, агульная плошча якога адпавядае 15 метрам квадратным і больш на аднаго чалавека, а ў горадзе Мінску – 10-ці і больш метрам квадратным. Важна, што гэтыя ўмовы разглядаюцца на дату заключэння першаснага крэдытнага дагавора, атрыманага для ўзвядзення, рэканструкцыі, набыцця жылля.

Па тэме

Цяпер за кошт датэрміновага выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу можна аплаціць навучанне не толькі за бягучы і папярэдні навучальныя гады, але і за наступны.

Ільгота

Стаў шырэйшым пералік тавараў, якія можна набыць для членаў сям’і з інваліднасцю і парушэннямі зроку: ён дапоўнены электроннымі асістыўнымі прыладамі для арыентавання, а таксама акустычнымі асістыўнымі прыладамі для навігацыі і асістыўнымі прыладамі для прагляду – відэасістэмамі, якія павялічваюць выяву.

Тэлефон для даведак

Дадатковую інфармацыю, якая тычыцца атрымання і выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу, можна даведацца ў спецыялістаў упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама па тэлефоне 3-03-20.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации