Тэма. Жыхары Беларусі, і дзятлаўчане не выключэнне, нярэдка становяцца ахвярамі інтэрнэт-злачынцаў.
Факт
Колькасць злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій у студзені-ліпені 2024 года ў параўнанні з леташнім аналагічным перыядам павялічылася на 14,8 %. Істотны рост паказалі такія з іх як вымагальніцтва, махлярства, у тым ліку продаж неіснуючых тавараў на розных інтэрнэт-рэсурсах, пераважна праз Instagram, падман грамадзян пад маркай укладання грашовых сродкаў у крыптавалюце або ажыццяўленне здзелак з ёй праз псеўдабіржы.
На міжнароднай канферэнцыі, якая сёлета праходзіла ў Мінску і аб’яднала прадстаўнікоў Следчага камітэта Беларусі, Расіі, агенцтва Фінансавага маніторынгу Казахстана, Генеральнай пракуратуры Узбекістана, старшыня Следчага камітэта РБ Дзмітрый Гора адзначыў:
– Па розных ацэнках кіберзлачынствы займаюць ад 20 да 25 % у агульнай структуры злачыннасці. Пры іх учыненні выкарыстоўваюцца лічбавыя актывы – крыптавалюта і электронныя грошы. Найчасцей гэта і фінансаванне тэрарызму, і карупцыя, і эканамічныя злачынствы.
Слова спецыяліста
Следчы раённага аддзела Следчага камітэта Аляксей Клок:
– Прыярытэтным напрамкам службовай дзейнасці падраздзяленняў Следчага камітэта краіны сёлета вызначана ўдасканаленне работы па супрацьдзеянні злачыннасці ў сферы высокіх тэхналогій.
У апошнія гады пачасціліся такія злачынствы, як несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, а таксама крадзеж маёмасці шляхам яе мадыфікацыі.
Найчасцей учыняюцца яны з выкарыстаннем сацыяльных сетак ВКонтакте, Instagram, месенджараў Vіber, Telegram.
Самыя распаўсюджаныя схемы, калі зламыснікі просяць перавесці грошы або зайсці па спасылцы для атрымання выйгрышу. Як толькі чалавек выконвае падобную просьбу, кіберзлачынцы атрымліваюць доступ да рэквізітаў яго банкаўскіх картак і ажыццяўляюць несанкцыянаваныя пераводы грошай.
Варта ведаць
Каб не стаць ахвярамі злодзеяў з інтэрнэт-прасторы, неабходна прытрымлівацца правілаў бяспекі:
– не пераходзіць па спасылках ад незнаёмых людзей;
– калі чалавек, які знаходзіцца ў катэгорыі “сябры” ў сацыяльнай сетцы, просіць рэквізіты банкаўскай карткі, звяжыцеся з ім напрамую і ўдакладніце просьбу;
– калі ваш акаўнт узламалі ці заблакіравалі, неадкладна паведаміце пра гэта асобам, з якімі кантактавалі па сродках гэтай сацыяльнай сеткі;
– не перасылайце фотаздымкі і рэквізіты банкаўскіх картак, СМС-коды пацвярджэння, сеансавыя ключы да інтэрнэт-банкінгу, асабістых дакументаў праз інтэрнэт;
– калі вам тэлефануюць у месенджары і прадстаўляюцца супрацоўнікам банка ці праваахоўнікам, будзьце ўпэўнены, што гэта махляры: банкаўскія работнікі ніколі не выкарыстоўваюць месенджары для размоваў з кліентамі, таму спыніце размову і не выдавайце асабістую інфармацыю;
– калі злачынца атрымаў доступ да вашых рэквізітаў, неадкладна тэлефануйце ў банк і блакіруйце карт-рахунак і асабісты электронны кабінет.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga