Тэма: Як дзятлаўчане адносяцца да праблемы сацыяльнага сіроцтва? Ці гатовы браць у свае сем’і такіх дзяцей?

Праблема

Адным з галоўных правоў дзіцяці з’яўляецца права на выхаванне ў сям’і, аднак ёсць дзеці, якія пазбаўлены гэтага з-за розных жыццёвых абставінаў. Гэта дзеці-сіроты і тыя, якія засталіся без апекі бацькоў. Грамадства, дзятлаўчане не выключэнне, аказваюць такім хлопчыкам і дзяўчынкам падтрымку ў час розных дабрачынных акцый і мерапрыемстваў, а ці гатовы дарослыя жыхары раёна падзяліцца з імі сямейным цяплом?

Жыццё сучаснага чалавека складаецца з бясконцай мітусні і штодзённых стрэсаў, якія звязаны з перагружанасцю на рабоце, гонкай за матэрыяльным дабрабытам. Стараючыся забяспечыць нават родных дзяцей дастойным узроўнем жыцця, многія бацькі і не заўважаюць, як хутка вырастаюць іх сыны і дочкі. Сем’і, дзе гадуюцца падлеткі, нярэдка сутыкаюцца з непаразуменнем з боку дзяцей, праблемнымі паводзінамі. Бацькоўства – няпростая задача, а замяшчальнае – тым больш.

Факт

Для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у Беларусі існуе шэраг сацыяльных ільготаў і гарантый. Аднак кожнаму канкрэтнаму дзіцяці патрэбны не проста льготы і гарантыі, а перш за ўсё сям’я. Сем’ям з дзецьмі ў Беларусі надаецца пільная ўвага. Дзяржава забяспечвае падтрымку маці пры нараджэнні дзіцяці, з нараджэннем другога аб’ём падтрымкі павялічваецца. Аказваецца дзярждапамога і ў вырашэнні жыллёвых пытанняў, развіцці інфраструктуры для дзяцей. Шматдзетным сем’ям даюцца дадатковыя гарантыі і льготы ў сферы жыллёва-крэдытных адносінаў, працы і падаткаабкладання, пенсійнага забеспячэння. Згодна з лічбамі статыстыкі, у нашай краіне 123 тысячы шматдзетных сем’яў, дзе гадуюцца больш за 400 тысяч дзяцей. Самая вялікая беларуская сям’я налічвае 15 дзяцей і жыве ў Мінскай вобласці.

Гарантаванай падтрымкай дзяржавы карыстаюцца сем’і, якія прынялі на выхаванне дзяцей-сірот або дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Слова спецыяліста

Дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Кацярына Ляўкевіч:

– Для стварэння ўмоваў па развіцці сямейных форм уладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў з 16 верасня па 21 кастрычніка на Дзятлаўшчыне праходзіць раённая акцыя “Сям’я для кожнага дзіцяці”. У рамках яе было арганізавана сацыяльнае апытанне бацькоў раёна па тэме “Права на сям’ю”, удзел у ім прынялі 878 нашых землякоў. Парадавала, што 97 % з іх выказалі думку, што выхаванне дзяцей – галоўная місія ў жыцці чалавека. Як педагог адзначу, што гэта яшчэ і дастаткова працаёмкі, энергазатратны працэс, бо ўключае клопат аб фізічным, духоўным, маральным развіцці маленькага чалавека, яго здароўі, адукацыі, падрыхтоўцы да самастойнага жыцця ў грамадстве, таму менавіта шчаслівая сям’я з’яўляецца натуральным і найбольш спрыяльным асяроддзем для развіцця чалавека. Наш сацыяльна-педагагічны цэнтр аказвае шмат увагі і ўсебаковую падтрымку замяшчальным сем’ям раёна.

Вынікі анкетавання

Што “чужых дзяцей не бывае”, лічаць 73,2 % апытаных.

Толькі 5 % удзельнікаў анкетавання валодаюць дакладнай інфармацыяй аб сацыяльных гарантыях для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама для сем’яў, якія прынялі такіх дзяцей.

У Беларусі, каб дапамагчы дзецям знайсці новую сям’ю, актыўна развіваюцца альтэрнатыўныя формы ўладкавання: усынаўленне, апека, прыёмная сям’я. Большасць апытаных (52,2 %) пра гэта ведаюць, аднак толькі 16,1 % задумваліся аб прыняцці дзіцяці на выхаванне.

У 35 % выклікае заклапочанасць фактар ​​уплыву спадчыннасці на характар і паводзіны прыёмнага дзіцяці.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации