Тэма. Як вадзіцель можа пацярпець ад чаднага газу?

Факт

Зімой нямала дзён з неспрыяльным надвор’ем. У непагадзь аўтамабіль з працуючым маторам абдзімае холадам, што значна змяншае магчымасць выветрывання выхлапных газаў. Яны пачынаюць прасочвацца ў салон, і вадзіцелю можа стаць дрэнна. Штогод у краіне ад атручэння чадным газам у аўтамабілях гіне па некалькі чалавек.

Даведка

Чадны газ – гэта прадукт няпоўнага згарання паліва. Пры ўдыханні паветра з высокім яго ўтрыманнем гемаглабін і чадны газ ператвараюцца ў крыві ў карбаксігемаглабін. У такім выпадку гемаглабін не здольны выконваць сваю асноўную функцыю па дастаўцы кіслароду да тканак і галаўнога мозга – арганізм гіне ад удушша.

Слова спецыяліста

Начальнік сектара судова-медыцынскіх экспертызаў Слонімскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў Валянцін Скрыпко:

– Небяспека чыстага чаднага газу ў тым, што ён не мае ні колеру, ні паху. Чалавек можа адчуць толькі пах выхлапных газаў, у састаў якіх уваходзіць і чадны. Атручэнне ім не мае спецыфічных прыкмет, характарызуецца галаўным болем, млоснасцю, ванітамі, памутненнем і стратай прытомнасці. Ступень атручэння залежыць ад канцэнтрацыі чаднага газу ў салоне аўтамабіля і часу “кантакту” з ім вадзіцеля. Таму аўтамеханікі, якія займаюцца рамонтам зімой у гаражы, ведаюць, што машыну абавязкова трэба ставіць багажнікам да выхаду і адкрываць гараж, а яшчэ лепш надзець доўгі шланг на выхлапную трубу. Калі ў закрытым памяшканні рухавік папрацуе хвілін 5-10, асабліва з няпоўным згараннем паліва, то ў чалавека пачнецца кашаль, заслязяцца вочы, не будзе хапаць паветра.

Сучасная галіна аўтамабілебудавання арыентавана на зніжэнне таксічнасці выхлапных газаў, у тым ліку і ўзроўню СО, таму калі ў адзін гараж паставіць “Жыгулі” з неадрэгуляваным рухавіком, а ў другі – аўтамабіль, выпушчаны ў апошнюю пяцігодку, то шанцы выжыць у гаражы № 2 будуць у разы вышэйшымі.

Таксама змяншэнне выпадкаў атручэння звязана з новай гаражнай тэхнікай для ацяплення. Цяпер вадзіцелі ўсё часцей выкарыстоўваюць цеплавыя пушкі. Калі раней пры згаранні саляркі, асабліва каля падлогі і ў рамонтных ямах, канцэнтрацыя чаднага газу магла дасягнуць значнай ступені, то цяпер стандартнае гаражнае памяшканне пры нулявой тэмпературы можна нагрэць да 20 градусаў за паўгадзіны, а выкарыстаць усяго шклянку паліва. Ад падобнага аб’ёму атрымаць небяспечную канцэнтрацыю чаднага газу нерэальна.

Варта ведаць

Смяротныя дозы чаднага газу могуць з’явіцца ў машыне ў той момант, калі вадзіцель спрабуе пераехаць водную перашкоду, напрыклад, глыбокую лужыну. Забуксаваўшы, ён спачатку ўключае паніжаную хуткасць і спрабуе рыўкамі наперад-назад вывесці машыну, затым тэлефануе знаёмым з просьбай прыехаць. Пакуль чакае дапамогі, рухавік не глушыць. Бурбалкі выхлапных газаў тым часам трапляюць пад днішча і пачынаюць прасочвацца ў салон, канцэнтрацыя чаднага газу ў ім ужо праз некалькі хвілін можа аказацца смяротнай.

На трасах да трагедыі часцей прыводзяць няшчыльнасць у выхлапной сістэме і спыненне аўтамабіля ў дрэнна прадзімаемым месцы. Напрыклад, на акружанай лесам аўтастаянцы або за ветраахоўным шчытом. Гэта зніжае магчымасць выветрывання выхлапных газаў, і паступова яны прасочваюцца ў салон.

Дапамога пры атручэнні

Вельмі важна, каб яна была правільнай. Выклічце “хуткую дапамогу”. Пакуль яна едзе, вынесіце чалавека на свежае паветра, пакладзіце, прыпадняўшы ногі, вызваліце ад цеснага адзення і дайце панюхаць нашатыр. Калі ён у прытомнасці, неабходна забяспечыць спакой і бесперапынны доступ кіслароду. Калі не дыхае – зрабіць штучнае дыханне, папярэдне ачысціўшы дыхальныя шляхі.

Калі медыкаў выклікаць не атрымалася, пасля аднаўлення жыццёва важных функцый паспрабуйце даставіць пацярпелага ў лячэбную ўстанову.

Памятайце, што ў час вынасу пацярпелага з месца, у якім знаходзіцца небяспечная канцэнтрацыя чаднага газу, у першую чаргу трэба засцерагчы сябе, каб таксама не атруціцца. Дзейнічайце хутка і дыхайце праз насоўку ці марлю.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации