8 Сакавіка – свята, якое павінна прынесці радасць кожнай жанчыне, нягледзячы на ўзрост, нават калі яе скроні пасерабрылі гады.

Напярэдадні гэтай прыемнай даты ў Казлоўшчынскае аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Дзятлаўскага раёна з кветкамі для жыхарак гэтай установы прыехалі спецыялісты ТАА “Панэкспа” (кіраўнік прадпрыемства Павел Сазон).

Кожная жанчына, у тым ліку работніцы, атрымала ад гасцей віншаванні, вясновы букет і цудоўны настрой.

Як расказала дырэктар ЦСАН Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык, на працягу двух гадоў у нашай рэспубліцы рэалізуецца дабрачынная акцыя “Ад усёй душы”, якая скіравана на віншаванне пажылых людзей, якія знаходзяцца ў стацыянарных установах. І дзяржава, і нераўнадушныя грамадзяне з увагай адносяцца да такой катэгорыі насельніцтва, таму кіраўнікоў ТАА “Панэкспа” Паўла Сазона і ДП “Дзятлаўскае ПМС” Віктара Адамчыка і іх калектывы добра ведаюць у аддзяленні: яны не пакідаюць без падарункаў пажылых людзей і інвалідаў.

Аднак не толькі ў час навагодніх і калядных святаў дабрадзеі дораць жыхарам аддзялення добры настрой. Для шчырых спраў Паўлу Сазону і яго калектыву не абавязковы акцыі: яны дзеляцца цяплом сваёй душы з пажылымі грамадзянамі і на 8 Сакавіка, і ў Дзень маці.

Таццяна Нікіпорчык удзячная за нераўнадушша і падтрымку і лічыць, што пра такія прыемныя моманты трэба расказваць, каб яны былі добрым прыкладам для іншых арганізацый і людзей, як трэба адносіцца да тых, хто па волі лёсу застаўся без клопату і падтрымкі блізкіх.

Жанчына ў любым узросце застаецца матуляй, ёй уласцівы прыгажосць і пяшчота. Калі ёй дораць кветкі і ўвагу, яна радуецца і ўсміхаецца, а сэрцы навакольных напаўняюцца цяплом і дабрынёй.     Тэкст і фота Ірыны СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации