На Дзятлаўшчыне, як і па ўсёй краіне, праходзіць рэспубліканская акцыя “Дай лесу новае жыццё!” пад эгідай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Па традыцыі першымі да яе далучыўся калектыў райвыканкама на чале з Андрэем Садоўскім, а таксама кіраўнікі арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў раёна.




Сёлетняя акцыя прымеркавана да Года добраўпарадкавання і 80-й гадавіны Вялікай Перамогі. Калектыў райвыканкама – пастаянны ўдзельнік мерапрыемстваў па пасадцы лесу, тым не менш, рабочы працэс пачынаецца з уводнага інструктажу па тэхніцы бяспекі асаблівасцях высадкі лясных культур: такая работа патрабуе ўважлівасці і акуратнасці, каб дрэўцы максімальна добра прыжыліся. Адкрыццё лесапасадачнага сезона і старт акцыі праходзяць у Гезгалаўскім лясніцтве, дзе на плошчы двух гектараў будзе выкарыстана каля 12 тысяч саджанцаў.









– Сімвалічна, што мы пачынаем акцыю ў першы дзень, які супаў з Сусветным днём лесу. Я разам з калегамі ўдзельнічаю ў акцыях па пасадцы лесу на Дзятлаўшчыне ўжо шосты год запар. За вясновы і асенні сезоны мы аднаўляем лес на плошчы каля трох гектараў, сваёй працай паказваючы прыклад землякам, як можна клапаціцца аб малой радзіме. Надвор’е радуе, настрой выдатны, працуем з упэўненасцю, што праз гады на гэтым месцы вырасце прыгожы лес, – адзначыў кіраўнік раёна.




– Якія мерапрыемствы пройдуць на Дзятлаўшчыне ў Год добраўпарадкавання?
– Гэта работа для нас не абмяжоўваецца адным годам. Навядзенне парадку на зямлі, добраўпарадкаванне населеных пунктаў – пытанні, якія з’яўляюцца першаступеннымі для кіраўніцтва раёна. Асаблівасцю сёлетняй акцыі стане тое, што мы дойдзем з ініцыятывай да кожнага населенага пункта, кожнага падворка, будзем узаемадзейнічаць з насельніцтвам, каб былі больш актыўнымі ў стварэнні дабрабыту на роднай зямлі. Сістэмная работа па добраўпарадкаванні тэрыторыі раёна дае свой плён, пры гэтым планы на год вялікія. Дзякуючы таму, што зіма была кароткай і мяккай, менш сродкаў патрабуецца на ямачныя рамонты, яны будуць перанакіраваны на асфальтаванне дарожнага фонду, у планах – добраўпарадкаванне гарадскога пляжа і іншых месцаў адпачынку дзятлаўчан. Будзем садзіць дрэвы, даглядаць помнікі Вялікай Айчыннай вайны, аддаючы даніну памяці і пашаны подзвігу нашых продкаў, далучаць да гэтага працэсу моладзь.









Галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Марына Іванова расказала, што заўсёды з задавальненнем прымае ўдзел у акцыях Дзятлаўскага лясгаса.

– Добрую справу рабіць вельмі проста: сёння мы закладваем саджанцы, якія ў будучым стануць прыгожымі лясамі Дзятлаўшчыны. Дзякуй работнікам лясгаса за стварэнне ўмоваў і прадастаўленне такой магчымасці папрацаваць разам з калектывам, на некалькі гадзін выйсці за межы кабінета і пабыць на прыродзе. Я вельмі люблю гуляць па лесе і ганаруся, што ўдзельнічаю ў пасадцы. Прывязу сюды родных, пакажу, дзе растуць “мае” дрэўцы.





Галоўны ляснічы Дзятлаўскага лясгаса Канстанцін Дзісько адзначыў, шот асноўны акцэнт акцыі – аднаўленне лесу на ветравальна-бураломных лесасеках.

– Мы помнім, як у ліпені 2024 года былі істотныя пашкоджанні ляснога фонду ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях. На шчасце, наш раён стыхія закранула мінімальна – усяго 2,8 гектара лесу, гэтыя ўчасткі адноўлены восенню мінулага года. Таму сёлета пасадку будзем праводзіць на планавых участках, – кажа ён. – У мінулым годзе ў акцыі прынялі ўдзел каля 400 чалавек, спадзяёмся, сёлета будзе не менш жадаючых.

Канстанцін Пятровіч расказаў, што для правядзення акцыі падабраны 16 выдзелаў, дзе будзе ісці аднаўленне лясных культур агульнай плошчай больш за 17 гектараў, падрыхтаваны каля 83 тысяч адзінак пасадачнага матэрыялу з ліку асноўных лесаўтваральных пародаў – сасна, елка, бяроза.





Акцыя “Дай лесу новае жыццё!” прадоўжыцца да 12 красавіка. Прыняць удзел у ёй могуць як калектывы, так і жыхары раёна. Для гэтага неабходна звярнуцца ў Дзятлаўскі лясгас або лясніцтва па месцы жыхарства.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#лес #акция #нашалепшае #нашелучшее