На пасяджэнні Праўлення Гродзенскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў падведзены вынікі штогадовага конкурсу сярод органаў мясцовага самакіравання – дзве ўзнагароды накіруюцца на Дзятлаўшчыну.
Сярод сельскіх саветаў Прынёмання на другім месцы Новаяльнянскі сельсавет.
Сярод старастаў другое месца заняла Святлана Грос – аграгарадок Круцілавічы.
Узнагароджанне адбудзецца ва ўрачыстай абстаноўцы.

– Сярод галоўных напрамкаў была і застаецца работа з насельніцтвам, – расказала старшыня сельвыканкама Людміла Радзевіч. – У саставе Новаяльнянскага сельскага Савета дзевяць дэпутатаў, яго рабочы орган, выканаўчы камітэт, складаюць пяць чалавек. Функцыянуе шэсць вулічных камітэтаў. Дэпутаты праводзяць сустрэчы з насельніцтвам, асабістыя прыёмы, справаздачы перад выбаршчыкамі, удзельнічаюць у сесіях па разглядзе важных пытанняў жыццядзейнасці. Старшыні вулічных камітэтаў кантралююць спраўнасць вулічнага асвятлення, рэгістрацыю свойскай жывёлы, інфармуюць насельніцтва аб прафілактычных прышчэпках свойскай птушкі. Шмат у Год якасці было зроблена для добраўпарадкавання і стварэння камфортнага асяроддзя. Праведзена рэканструкцыя вуліцы Шашэйнай з будаўніцтвам аўтастаянкі і месца для выязнога гандлю, бягучым рамонтам гандлёвых радоў, адбыўся рамонт васьмі вуліц і завулкаў, капрамонт трох шматпавярховых дамоў. Традыцыйнымі сталі конкурсы на лепшы падворак, кветнік, навагодняе афармленне. Імкнёмся, каб у пасёлку не было безгаспадарных дамоў і ў перспектыве мяркуем дасягнуць станоўчага выніку. У 2024 годзе былі знесены два дамы, па столькі ж прададзена за адну базавую велічыню і праз правядзенне аўкцыёну, яшчэ два разабралі гаспадары пад далейшае будаўніцтва новых. На сістэмнай аснове наладжана работа па прафілактыцы пажараў, сацыяльнага сіроцтва і недабрабыту ў сем’ях, падтрымцы ўразлівых катэгорый насельніцтва, садзейнічанні занятасці, ахове правапарадку. Адраджэнню культурных каштоўнасцяў і нацыянальных звычаяў спрыяюць традыцыйныя святы вышыванкі, Купалле, народны фальклорны калектыў адраджае абрад “Юр’е”, славіцца Наваельня духавым аркестрам, народнымі ўмельцамі – Анатолем Кардашом, Таццянай Загорцавай, Марынай Ажахоўскай. На фарміраванне здаровага ладу жыцця скіраваны прафілактычны праект “Наваельня – здаровы пасёлак”, у рэалізацыі якога пад кіраўніцтвам Дзятлаўскага райЦГЭ задзейнічаны ўстановы культуры, адукацыі, сельвыканкам. На тэрыторыі школы адкрыта шматфункцыянальная спартыўная пляцоўка. Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву мясцовай улады, жыхароў, прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый, Наваельня становіцца ўсё больш прывабнай для насельніцтва і гасцей. У планах на Год добраўпарадкавання – завяршыць будаўніцтва Новаяльнянскай бальніцы, ажыццявіць рэканструкцыю трохпавярховага будынка пад арэнднае жыллё, прадоўжыць азеляненне, рамонт вуліц, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, работу з уласнікамі і спадчыннікамі дамоў па падтрыманні эстэтычнага выгляду, добраўпарадкаваць турыстычную стаянку, лесапаркавую зону паміж вуліцамі Першамайскай і К. Маркса.
“Сярэбраная перамога” Новаяльнянскага сельсавета не толькі вынік паспяховай дзейнасці, але і ўсебаковай, у тым ліку фінансавай, падтрымкі раённай улады.

– Прызнацца, не чакала, што стану прызёрам, – зазначае Святлана Грос. – Родам я з Наваельні, у Круцілавічы бацькі пераехалі, калі была шасцікласніцай, таму шчыра магу лічыць наш аграгарадок малой радзімай. Старастай з’яўляюся больш за дзесяць гадоў, гарманічна сумяшчаю гэтыя абавязкі з работай дырэктара Данілавіцкага дома культуры. Мая прафесійная і грамадская дзейнасць цесна ўзаемазвязаны, бо разам з землякамі працуем на суботніках, наведваем пажылых людзей і шматдзетныя сем’і, ладзім спартыўныя спаборніцтвы, адзначаем святы, праводзім прафілактычныя акцыі і многае іншае. Заўсёды стараюся адгуквацца на просьбы людзей, а яны самыя розныя: ад нядаўняй дапамагчы з афармленнем дакументаў на гаражны кааператыў да напаўняльнасці неабходнымі таварамі мясцовага рынка, пакупкі ў райцэнтры лекаў, якіх няма на ФАПе. Аграгарадок Круцілавічы адметны тым, што з 2019 года мае статус “здаровага пасёлка”. У нас функцыянуюць школьны стадыён, футбольная пляцоўка, якая прымае і гасцявыя матчы, ёсць прыгожы парк. Яго добраўпарадкаванне з арганізацыяй дарожак, лавачак, зонаў адпачынку – наша агульная мара, на рэалізацыю якой пакуль няма сродкаў. Летась прымалі ўдзел у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў, на жаль, грант не заваявалі, аднак аптымізму не губляем. Насельніцтва Круцілавічаў – людзі розных узростаў, сярод якіх пераважаюць пенсіянеры. Любім парадак, падтрымліваем чысціню вакол уласных дамоў, удзельнічаем у суботніках, масава прыходзім на мясцовыя святы, самае папулярнае з якіх Дажынкі ў ААТ “Граніт-Агра”, ладзім таксама святы малака, рыбака, кукурузы. Мае землякі – гэта сельскія працаўнікі, якім я вельмі ўдзячна за падтрымку і любоў да роднага куточка.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашалепшае #нашелучшее