Сфарміраваць у бацькоў выхаванцаў цікавасць да арганізацыі правільнага харчавання дапамог круглы стол “Правілы рацыянальнага харчавання”, які адбыўся ў Казлоўшчынскім дзіцячым садзе. Мерапрыемства прайшло ў рамках рэалізацыі прафілактычнага праекта “Казлоўшчына – здаровы паселак” на 2025-2027 гады.
Абмен думкамі пачаўся з інфармацыі медыцынскай сястры ўстановы дашкольнай адукацыі аб тым, што такое правільнае і здаровае харчаванне.
Доктар-гігіеніст Дзятлаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Вікторыя Старук расказала бацькам аб значэнні паўнавартаснага харчавання для фарміравання дзіцячага арганізма, інструктар-валеолаг Наталля Юрэня – пра шкоду цукру на арганізм не толькі дзяцей, але і дарослых.
Выхаванцы дзіцячага сада таксама прадэманстравалі сваё веданне прыказак і прымавак пра здаровае харчаванне, праспявалі пра яго песеньку. Бацькі былі прыемна здзіўлены, калі ўбачылі ў відэароліку, што дзеці любяць есці дома, у дзіцячай установе і якую ежу-фантазію яны хацелі, каб ім прыгатавалі ў садку.
Удзельнікі мерапрыемства актыўна дыскутавалі па розных пытаннях “круглага стала”, напрыканцы сустрэчы склалі рэцэпт збалансаванай салаты “Здароўе”, атрымалі памяткі “Пяць правіл правільнага харчавання”.
Іна ДЖУРАХАНАВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Казлоўшчынскага дзіцячага сада
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga