У аддзеле абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі ў рамках Міжнароднага дня барацьбы з наркотыкамі і раённага праекта “Дзятлава – здаровы пасёлак” прайшоў Дзень інфармацыі “Будучыня без залежнасці”. Удзельнікамі яго сталі вучні 10 класа гімназіі № 1 горада Дзятлава.
Пры дапамозе слайда-рэпартажа “Спакуса вялікая, але жыццё адно” бібліёграф пазнаёміла навучэнцаў з гісторыяй паходжання наркатычных сродкаў, метадамі барацьбы з імі.

Інспектар па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Арына Грыб растлумачыла школьнікам прававыя наступствы ўжывання і распаўсюджвання наркатычных сродкаў, зрабіўшы акцэнт на крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, а таксама прывяла прыклады з аператыўнай практыкі.
Які разбуральны ўплыў аказваюць псіхаактыўныя рэчывы на арганізм маладога чалавека, расказала інструктар-валеолаг Дзятлаўскага райЦГЭ Наталля Юрэня. Асаблівую ўвагу надала важнасці захавання рэпрадуктыўнага здароўя, падкрэсліўшы, што здаровыя дзеці і шчаслівая сям’я немагчымыя пры ўжыванні забароненых рэчываў.
Старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк наглядна патлумачыла наступствы згубных звычак і ўручыла памятныя буклеты і лістоўкі з карыснымі парадамі.

Удзельнікам сустрэчы былі прадэманстраваны прафілактычныя відэаматэрыялы, выстава-заклік “Каварная пастка”. Мерапрыемства завяршылася адкрытым дыялогам, у час якога навучэнцы змаглі абмеркаваць актуальныя пытанні са спецыялістамі.
Святлана МАГЕРА,
загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga