Свой паўвекавы юбілей з дня пераходу ў новы будынак адзначыла Наваельнянская сярэдняя школа. У ліку гасцей свята былі старшыня раённага Савета дэпутатаў (ранейшы дырэктар школы) А. Бараноўскі, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Жадзейка, старшыня Наваельнянскага сельвыканкама І. Кунахавец, настаяцель царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы гарпасёлка Наваельня айцец Валерый Мануйла, мясцовыя жыхары, былыя вучні, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў.

У фае школы гасцей вітаў Наваельнянскі духавы аркестр. У актавай зале можна было паглядзець сценгазеты з архіўнымі і сучаснымі фотаздымкамі з жыцця школы.

Першай прысутных павітала дырэктар установы М. Лашкоўская:

— Наша школа — гэта дом, які пабудавалі ўсе мы. Ён склаўся з цаглінак нашых справаў, якасцяў, талентаў — кожны ўнёс штосьці сваё. Юбілей установа адзначае ў добрай працоўнай форме. З кожным годам аднаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база і кабінеты, парадкуецца прышкольная тэрыторыя. Дзякуючы зладжанай рабоце калектыву, наша ўстанова з’яўляецца шматгадовым лідарам раённага рэйтынгу якасці адукацыі, дабіваецца высокіх вынікаў у конкурсах, алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях. Па выніках 2016 года Наваельнянская сярэдняя школа ўзнагароджана дыпломам першай ступені ў раённым конкурсе на лепшую арганізацыю работы ўстановаў адукацыі.

Навучэнцы, якія ў дзень юбілею сталі і вядучымі, і самадзейнымі артыстамі, і нават акцёрамі і рэжысёрамі, прапанавалі гледачам правесці свята ў форме скетч-шоу — шасці кадраў пра жыццё школы.

У кадры першым “Як гэта было?” узгадалі мінулае, у тым ліку прозвішча выдатніка народнай адукацыі БССР, стваральніка духавога аркестра пасёлка Наваельня У. Тулейкі.

Запрасілі на сцэну былога дырэктара, а цяпер старшыню раённага Савета дэпутатаў А. Бараноўскага. Ён асабіста і ад імя старшыні райвыканкама А. Дубовіка павіншаваў калектыў, ветэранаў працы, навучэнцаў школы з юбілеем, падзякаваў за поспехі, пажадаў далейшых перамогаў і ўручыў узнагароды. Падзячнымі пісьмамі адзначаны кіраўнік народнага музея “Дзеці ліхалецця” Т. Крывеня, сацыяльны педагог Т. Бялятка.
Да віншаванняў далучылася старшыня Наваельнянскага сельвыканкама І. Кунахавец, якая пачынала сваю працоўную дзейнасць у гэтай школе.

Кадр “Аб’ядноўвай і накіроўвай” нагадаў імёны дырэктараў і завучаў, іх справы на карысць установы. Калектыў і ветэраны працы прымалі чарговыя віншаванні ад намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Жадзейка і старшыні раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі С. Фабішэўскага. Лепшыя педагогі школы былі адзначаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Гэта М. Лашкоўская, А. Варанец, Н. Карэйчанка, С. Навагран, Г. Савасцюк, Т. Умоўская.

Кадр “Ніхто не забыты. Нішто не забыта” нагадаў аб заслугах настаўнікаў і іх вучняў на працягу 50 гадоў. Ушанавалі хвілінай маўчання педагогаў, якіх ужо няма побач.

Чацвёрты кадр быў прысвечаны выпускнікам. Цёплыя, шчырыя словы і пажаданні на адрас педагогаў і ветэранаў працы выказала выпускніца ўстановы, дачка аднаго з колішніх дырэктараў Таццяна Яўгенаўна Лазовік.

“Навучаючы іншых, вы вучыцеся самі” — пяты кадр святочнага скетч-шоу. З дапамогай відэаролікаў навучэнцы пазнаёмілі гасцей з буднямі і святамі ўстановы, крыху пажартавалі.

“Храмам навукі” школу назваў праваслаўны святар Валерый Мануйла, які шмат гадоў супрацоўнічае з настаўнікамі. Айцец Валерый зазначыў, што, навучаючы дзяцей, педагогі выконваюць Божы запавет: “Будзьце дасканалыя, як я дасканалы ёсць”.

Віншаванні і падарункі для калектыву школы падрыхтавалі прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый.
Апошні кадр “Крыніца ўсяго. Пачатак усіх пачаткаў” быў прысвечаны дзецям. Яны падарылі сваім настаўнікам відэавіншаванні, песні, шчырыя словы падзякі.

Юбілей прадоўжыла экскурсія ў школьны народны музей “Дзеці ліхалецця”.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации