У Беларусі абноўлены Кодэкс аб адукацыі. Асноўныя яго палажэнні ўступаюць у сілу з 1 верасня 2022 года.

Аб галоўных змяненнях землякам расказала начальнік аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Белаус:

– Папярэдняя рэдакцыя Кодэкса была прынята ў 2011 годзе. За гэты час у сістэме адукацыі многае змянілася і патрабавала нармавання. Новая рэдакцыя скіравана на ўдасканаленне нормаў Кодэкса з улікам практыкі выкарыстання ў сучасных умовах і прыводзіць у адпаведнасць з заканадаўствам асобныя прадпісанні.

Кодэкс аб адукацыі – адзін з галоўных законапраектаў, які мае важнае значэнне для развіцця адукацыі, дзяржавы і грамадства. Ён тычыцца амаль кожнага жыхара нашай краіны: не толькі спецыялістаў галіны, навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў (бацькоў, усынаўляльнікаў, апекуноў, папячыцеляў), але і заказчыкаў кадраў.

Новае ў Кодэксе аб адукацыі

У першую чаргу, гэта ўпарадкаванне назваў установаў адукацыі, якое закране і дашкольныя: цяпер яслі, яслі-сад, дзіцячы сад будуць называцца аднолькава – дзіцячы сад або дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці. Адыдуць у мінулае і такія складаныя канструкцыі, як, напрыклад, “навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-школа”. Фактычна застанецца ўстанова адукацыі “школа” (пачатковая, базавая, сярэдняя, гімназія), у якой ёсць права рэалізоўваць праграмы і дашкольнай адукацыі.

З’яўляецца новы від дадатковай адукацыі – адораных дзяцей і моладзі на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Цяпер яго навучэнцы змогуць паступаць у ВНУ і каледжы на льготнай аснове.

Згодна з Кодэксам па асобных тэхнічных і медыцынскіх спецыяльнасцях уводзіцца спецыяльная вышэйшая адукацыя. Пашыраюцца магчымасці для “мэтавікоў”: накіраваць на мэтавае навучанне будучых работнікаў змогуць арганізацыі, размешчаныя

не толькі ў вёсках, пасёлках, невялікіх гарадах, зоне ЧАЭС, але і іншых населеных пунктах. Цяпер усе населеныя пункты Рэспублікі Беларусь маюць аднолькавыя правы. Студэнтам, якія адвучацца па мэтавым накіраванні, будзе прадастаўлены статус маладога спецыяліста, а разам з ім на рабоце прызначаць ільготы ў форме адпаведных выплат, права на атрыманне жылля і іншыя, прадугледжаныя заканадаўствам.

Дыстанцыйнае навучанне

З’явяцца і зусім новыя формы арганізацыі навучальнага працэсу, такія як дыстанцыйная форма атрымання адукацыі. Яна можа выкарыстоўвацца на ўсіх узроўнях адукацыі, уключаючы агульную сярэднюю, аднак у сярэдняй школе парадак і ўмовы пераходу на яе будуць рэгулявацца падзаконным актам, што зацвярджаецца пастановай Міністэрства адукацыі.

На ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі знайшло шырокае выкарыстанне рэспубліканскае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе, але сёння выводзіць школьнікаў на дыстанцыйнае навучанне неэфектыўна, бо школа не толькі вучыць – за ёй таксама захоўваюцца выхаваўчая і сацыяльная функцыі. Ва ўстанове адукацыі дзеці атрымліваюць як веды, так і камунікатыўныя навыкі, уменні прымаць рашэнні, выходзіць з няпростых сітуацый, таму школа павінна працаваць у вочным рэжыме, няма нічога больш каштоўнага, чым жывыя стасункі педагога з дзецьмі.

Больш увагі выхаванню

Змяненнямі прадугледжана ўзмацненне выхаваўчага складальніка адукацыі. Да мэтаў адукацыі, нараўне з інтэлектуальным, маральным, творчым, фізічным і прафесійным развіццём асобы, аднесена фарміраванне патрыятызму і грамадзянскасці. Выхаваўчая работа ў пазавучэбны час павінна быць скіравана на фарміраванне ў навучэнцаў павагі да памяці абаронцаў Айчыны, закона і правапарадку, беражлівых адносінаў да гісторыка-культурнай спадчыны і традыцый беларускага народа.

Новае для дзіцячага сада і школы

У сістэме дашкольнай адукацыі трэба звярнуць увагу на тое, што тэрмін яе атрымання вызначаюць законныя прадстаўнікі выхаванцаў. Пры гэтым, час засваення зместу дашкольнай праграмы складае да пяці гадоў дзесяці месяцаў, і ён можа быць павялічаны на адзін год па жаданні законных прадстаўнікоў дзіцяці.

Змяненні, якія закрануў Кодэкс аб адукацыі ў частцы агульнай сярэдняй адукацыі, не носяць рэвалюцыйнага характару. Сярод новаўвядзенняў – замацаванне мікрараёнаў за ўстановамі. Цяпер пераважным правам пры прыёме (залічэнні) у школу ці гімназію будуць карыстацца непаўналетнія, якія жывуць на тэрыторыі, за якой замацавана адпаведная ўстанова адукацыі – адмовіць ім у прыёме могуць толькі па прычыне адсутнасці свабодных месцаў. Разам з тым, і для дзяцей з іншых мікрараёнаў у выпадку наяўнасці свабодных месцаў дзверы такіх установаў будуць адчынены. Спрэчныя пытанні па тэме і праблемы залічэння ў гарадскія школы навучэнцаў з прыгарадаў будуць узгадняцца на ўзроўні мясцовых выканаўчых органаў, райвыканкамаў, адміністрацый у гарадах.

У першы клас раней, чым у 6 гадоў

Знайшла адлюстраванне ў Кодэксе і такая з’ява, як залічэнне ў першыя класы дзяцей, якія не дасягнулі шасцігадовага ўзросту. У ранейшай рэдакцыі Кодэкса дзеці, якім яшчэ не споўнілася шэсць гадоў, маглі быць залічаны, калі іх дзень нараджэння прыпадаў на перыяд з 1 па 31 верасня або па заключэнні медыцынскай камісіі і з дазволу Міністэрства адукацыі. Як паказала практыка, вельмі запатрабаваным было залічэнне крыху малодшых непаўналетніх. Пераважная большасць зваротаў тычылася тых, хто нарадзіўся да Новага года. Цяпер норма ўнесена ў рэдакцыю Кодэкса, і права быць залічанымі ў першы клас атрымалі дзеці, якія нарадзіліся да канца каляндарнага года, у якім яны паступаюць у школу. Права прымаць рашэнне аб залічэнні з улікам медыцынскага дакумента перададзена кіраўніку ўстановы адукацыі.

Сацыялізацыя і інклюзія

Будуць удасканальвацца падыходы па забеспячэнні інклюзіі пры арганізацыі адукацыйнага працэсу. Гэта адбудзецца за кошт канкрэтных мерапрыемстваў, такіх як увядзенне дамашняга навучання на ўзроўні дашкольнай адукацыі і ўвядзенне на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі магчымасці сумяшчаць навучанне дома і ва ўстанове адукацыі, што дазволіць сацыялізавацца дзецям, якія маюць асаблівыя патрэбы.

Навучальны год да 31 жніўня

Адукацыйны працэс пры рэалізацыі праграм агульнай сярэдняй адукацыі арганізуецца па навучальных гадах, а навучальны год дзеліцца на чвэрці. У вячэрніх класах, у сярэдняй школе пры завочнай форме навучання ў навучальным годзе арганізуюцца сесіі.

Абноўлены Кодэкс аб адукацыі ўтрымлівае норму, якая прадугледжвае падаўжэнне навучальнага года. Калі раней ён пачынаўся з 1 верасня і заканчваўся 31 мая, то цяпер падоўжаны да 31 жніўня.

Усе тры летнія месяцы ўстановы адукацыі працавалі з дзецьмі ў рамках адукацыйнага працэсу: работа аб’яднанняў па інтарэсах, дзіцячых прышкольных летнікаў, вытворчая практыка. Фактычна ні на месяц, ні на дзень адукацыйны працэс не перарываўся, што і замацавалі ў новай рэдакцыі Кодэкса. Вучэбныя заняткі праводзяцца з 1 верасня па 31 мая ўключна, а для навучэнцаў IX, XI (XII) класаў – з 1 верасня па 25 мая. Калі гэтыя даты прыпадаюць на нерабочы дзень, то пачатак (заканчэнне) навучальнага года, вучэбных заняткаў пераносіцца на наступны (папярэдні) рабочы дзень.

Без конкурсу ў 5-ы клас гімназіі

Кодэксам новай рэдакцыі прадугледжана, што навучэнцы, якія завяршылі навучанне ў IV класе гімназіі, змогуць прадоўжыць яго ў V класе гэтай жа гімназіі, а вось прыём у X клас пасля атрымання агульнай базавай адукацыі будзе конкурсным, прычым у іспытах могуць удзельнічаць не толькі выпускнікі IX класаў гэтай гімназіі, але і любых іншых установаў адукацыі. Такая форма апраўдана, бо маладыя людзі свядома змогуць выбраць, дзе ім прадоўжыць вучобу: у X класе школы, гімназіі ці ліцэя або ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

У гімназіях для арганізацыі конкурснага прыёму (залічэння) у X клас навучэнцаў, якія жадаюць засвойваць праграму сярэдняй адукацыі з вывучэннем асобных прадметаў, модуляў на павышаным узроўні ў рамках профільнага навучання, ствараецца прыёмная камісія, якую ўзначальвае кіраўнік гімназіі ці ўпаўнаважаная ім асоба. Прыёмная камісія ажыццяўляе сваю работу ў адпаведнасці з Палажэннем аб прыёмнай камісіі гімназіі, якое зацвярджаецца Міністэрствам адукацыі.

Цэнтралізаваны дзяржаўны экзамен

Атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі цяпер становіцца абавязковым (раней – агульнай базавай), як і правядзенне выніковай атэстацыі па асобных вучэбных прадметах у выглядзе цэнтралізаванага дзяржаўнага экзамену, парадак здачы якога будзе зацверджаны Міністэрствам адукацыі.

Змяненні ў атэстацыі прывядуць да таго, што для навучэнцаў XI класаў, пачынаючы з выпускнікоў 2023 года, значна спросціцца працэс як завяршэння навучання ў школе, так і паступлення ў ВНУ. Яны будуць здаваць два экзамены – па рускай (беларускай) мове і матэматыцы ў форме цэнтралізаванага тэсціравання, атрымаюць сертыфікаты, якія паўплываюць на выніковую адзнаку за курс сярэдняй школы. Гэтыя ж сертыфікаты могуць быць выкарыстаны для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Новаўвядзенне запатрабуе ад педагогаў і метадыстаў пэўнай работы на працягу 2022-2023 гадоў па падрыхтоўцы дзяцей да здачы экзамену менавіта ў форме ЦТ.

Шосты школьны дзень

Паводле нормаў, закладзеных у новую рэдакцыю Кодэкса, зменіцца шосты школьны дзень. Калі раней у суботу маглі арганізоўвацца факультатыўныя заняткі толькі для навучэнцаў X-XI класаў, то для таго, каб не перагружаць навучэнцаў сярэдняга звяна, цяпер у суботу займацца на факультатывах змогуць вучні V-XI класаў.

У рэжыме шасцідзённага тыдня можа рэалізоўвацца адукацыйная праграма прафесійнай падрыхтоўкі рабочых і служачых у X-XI класах.

Аб умяшальніцтве бацькоў у адукацыйны працэс

Законныя прадстаўнікі непаўналетніх прадстаўляюць іх правы і законныя інтарэсы ў грамадскіх адносінах, сферы адукацыі без спецыяльных паўнамоцтваў.

Кодэкс не абмяжоўвае права бацькоў на азнаямленне з адукацыйным працэсам, аднак у абноўленым дакуменце дапісана: “у парадку, якi вызначае кіраўнік установы адукацыі”. Адзіным для ўсіх парадак быць не можа, бо ў кожнай установы свая спецыфіка. Часам бацькі кажуць: “Хочам прысутнічаць на ўроку”, “Азнаёміцца з планам урока”, “Убачыць класны журнал” і гэтак далей. Яны маюць на гэта права. Аднак, акрамя іх дзіцяці, у класе прысутнічаюць яшчэ 20 і больш навучэнцаў, таму жаданні законнага прадстаўніка аднаго дзіцяці ніякім чынам не павінны паўплываць на правы іншых вучняў. Кіраўнік установы адукацыі павінен вызначыць парадак такога азнаямлення, зрабіць яго зразумелым і празрыстым для ўсіх удзельнікаў: пэўныя дні і гадзіны для сустрэч з настаўнікамі-прадметнікамі, магчымасць прысутнасці на ўроку, наведванне выхаваўчых мерапрыемстваў і іншае. У школе можа стварацца савет установы адукацыі, куды

ўваходзяць законныя прадстаўнікі навучэнцаў. Праз рашэнні савета бацькі змогуць выказваць пажаданні аб парадку азнаямлення з адукацыйным працэсам.

Дзе з’явіцца педагагічны савет?

Істотна пашыраны пералік установаў адукацыі, асноўным органам самакіравання ў якіх з’яўляецца педагагічны савет: сюды ўключаны ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі, выхаваўча-аздараўленчыя, сацыяльна-педагагічныя, спецыяльныя навучальна-выхаваўчыя і спецыяльныя лячэбна-выхаваўчыя ўстановы.

Многія паўнамоцтвы пераходзяць ад вышэйстаячых да ніжэйстаячых узроўняў: да мясцовых органаў выканаўчай улады, кіраўніцтва ўстановаў адукацыі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации