У Беларусі паважаюць блогераў, бо яны – з народа, і людзі да іх прыслухоўваюцца. “Нiякай праблемы ў тым, што зараз вялікую папулярнасць набiрае блогерства, няма,” – адзначыў i Прэзідэнт краiны ў час сустрэчы з працоўным калектывам МАЗа.
Аднак, на жаль, усё часцей увагу аўдыторыі ў сацыяльных сетках “выхопліваюць” несумленныя людзі, гатовыя хайпануць на пустой сенсацыі, зусім далёкай ад праўды.

Чарговы такі ролік з’явіўся на прасторах сеткі TikTok і прыцягнуў увагу не толькі гледачоў, але і непасрэдна спецыялістаў КСУП “Хвінявічы” – сельгаспрадпрыемства, вядомага ў раёне высокім узроўнем вядзення жывёлагадоўлі.

Галоўны заатэхнік гаспадаркі Марыя Слушко заўважае, што ў інтэрнэт-роліку няма ні слова праўды:

– Цяляты на нашых ферме і комплексах утрымліваюцца ў добрых умовах, сёлета яны ўжо пераведзены ў летнія лагеры, пітная вада да якіх падведзена па водаправодзе і разліваецца ў чыстыя пластыкавыя ёмістасці, спецыяльна набытыя для гэтых мэтаў. Усе яны даглежаныя, маюць штомесячную прывагу каля 800 грамаў.

Што тычыцца вялікіх быкоў па 200 кілаграмаў, як гаворыцца ў відэа, такіх у нас увогуле няма: гадуем цялят не больш як да трохмесячнага ўзросту, пасля чаго рэалізуем другім гаспадаркам. Нашы цяляты карыстаюцца вялікім попытам у пакупнікоў, бо яны здаровыя і ўкормленыя.


Ад сябе заўважу, што доглядам жывёлы ў КСУП “Хвінявічы”займаюцца вопытныя жывёлаводы і кваліфікаваныя спецыялісты, пераможцы сельскагаспадарчых выставаў, неаднаразова адзначаныя ўзнагародамі за прафесіяналізм. Лепшыя з лепшых, пра якіх выходзіла нямала матэрыялаў на старонках газеты “Перамога”. Шкада, што з-за такіх сфабрыкаваных ілжывых абвінавачванняў ім даводзіцца даказваць відавочнае – якасць уласнай работы, якая не выклікае сумненняў.

Наталля АВЯРЧУК
Фота, відэа Марыі СЛУШКО
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#АПК #сельское хозяйство #Дятловщина