У Беларусі праходзіць рэспубліканскі конкурс дзіцячага малюнка “Нам мір завешчана берагчы”, прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Яго арганізуе Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, ААТ “Беларусбанк”, ГА “Беларускі саюз жанчын”, РУП “Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь”.
На Дзятлаўшчыне ўдзел у конкурсе прынялі 13 юных жыхароў раёна трох узроставых катэгорый: 7-9, 10-12 і 13-15 гадоў. Лепшыя аўтары атрымалі прызы, дыпломы і салодкі падарунак ад раённага савета ветэранаў, якія ўручыла сакратар аб’яднання Ядвіга Гушча.

– Штогод наша ветэранская арганізацыя запрашае таленавітых школьнікаў далучацца да конкурсу “Нам мір завешчана берагчы”, – расказала Ядвіга Міхайлаўна. – Праз сродкі выяўленчага мастацтва, фантазію ў падрастаючага пакалення фарміруюцца паважлівыя адносіны да памяці абаронцаў Айчыны, гераічнага подзвігу воінаў, выхоўваюцца такія маральныя якасці, як гераізм, сяброўства, патрыятызм, любоў да Радзімы. Вось і сёлета мы прапанавалі для ўдзелу тэматычныя намінацыі “Яны змагаліся за Радзіму”, “Дарагія мае ветэраны”, “Свята Перамогі вачамі дзяцей”, “Мая сям’я і Вялікая Перамога”, “Дзеці малююць герояў Вялікай Айчыннай вайны”. Малюнкі падрыхтавалі навучэнцы трох установаў: Дзятлаўскай, Новаяльнянскай, Гезгалаўскай дзіцячых школаў мастацтваў пад кіраўніцтвам педагогаў Жанны Лукашэні, Алены Гайдук, Аляксандры Жылянінай. Малюнкі Ульяны Гліністай (Дзятлава), Маргарыты Кастусік і Валерыі Русакевіч (Гезгалы) былі адабраны для ўдзелу ў абласным этапе конкурсу. Гродзенскае журы вылучыла сярод работ юных жыхароў Прынёмання тыя, якія будуць прадстаўляць наш рэгіён у рэспубліканскім фінале. У іх лік увайшоў і малюнак Ульяны Гліністай, таму мы можам ганарыцца нашай таленавітай зямлячкай.
Дзятлаўскі раённы савет ветэранаў падрыхтаваў дыпломы і прызы для маладых мастакоў. Яны перададзены новаяльнянцам Анастасіі Пачук, Аляксею Якшуку, Лізавеце Навасёлавай, будуць перададзены і гезгальцам.


У Дзятлаўскай дзіцячай школе мастацтваў таксама прайшло ўрачыстае ўзнагароджанне: дыпломы і прызы Ядвіга Гушча ўручыла Ульяне Гліністай, Паліне Нагорнайя, Аляксандры Белавус. Сваіх сябровак павіншавала і выпускніца ўстановы Іуліанія Шах.




– Работа Ульяны Гліністай – гэта выява дзяўчынкі з лялькай у руках, якая перажывае блакаду ў ваенным Ленінградзе і прыйшла на возера па ваду, – расказала педагог навучэнкі Жанна Лукашэня.


– Ульяна – удзельніца катэгорыі 7-9 гадоў, аднак і ў сваім юным узросце яна праяўляе яркія мастацкія здольнасці і мае важкую скарбонку ўзнагарод. З’яўляецца лаўрэатам другой ступені Міжнародных конкурсаў “ByFest”, “Калядная палітра”, пераможцай рэгіянальнага этапу рэспубліканскага конкурсу “Прыгажосць Божага свету”, удзельніцай мастацкіх пленэраў. Хочацца спадзявацца, што фінал конкурсу “Нам мір завешчана берагчы” таксама папоўніць дасягненні нашай юнай мастачкі яшчэ адной узнагародай.


Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина