У межах аднайменнай рэспубліканскай акцыі ў кінатэатры “Спадарожнік” горада Дзятлава прайшоў паказ дакументальнай дылогіі Нацыянальнай кінастудыі “Беларусфільм” – “Лагеры смерці” і “Спаленыя вёскі”.

Рэжысёрам абедзвюх работ выступіў Аляксандр Анісімаў пры ўдзеле Уладзіміра Луцкага. Фільмы створаны па матэрыялах расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа з выкарыстаннем сведчанняў і ўнікальных архіўных матэрыялаў. З дапамогай акцёрскай гульні ўзноўлены гістарычныя сцэны, якія пагружаюць гледача ў страшную атмасферу ваеннага часу – фільмы адкрываюць карціны жудасных злачынстваў нацыстаў на тэрыторыі Беларусі.


Першы сеанс у кінатэатры наведалі навучэнцы школ райцэнтра. У ліку гледачоў чарговага кінапаказу – кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, прадстаўнікі сілавых структур, работнікі прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў.










Пасля прэм’еры яны падзяліліся сваімі ўражаннямі ад кінастужак.
Андрэй Садоўскі, старшыня раённага выканаўчага камітэта:

– Дылогія, якая складаецца з фільмаў “Лагеры смерці” і “Спаленыя вёскі”, безумоўна, уразіла і кранула кожнага ў глядзельнай зале. Яна не мастацкая, а заснаваная на на хроніках і рэальных падзеях, якія адбываліся ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, успамінах тых людзей, якія ўсё гэта перажылі. Асновай для стварэння кінастужак сталі факты, якія адкрыліся ў ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, распачатай у красавіку 2021 года па ініцыятыве Прэзідэнта нашай краіны і Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь. Сталі вядомыя новыя факты тых страшных гадоў беларускай гісторыі, рассакрэчаны архівы, папоўніліся спісы спаленых вёсак, ахвяраў фашызму – а гэта тысячы чалавечых жыццяў. І сёння мы можам казаць, што загінуў не кожны чацвёрты, а кожны трэці беларус. Нягледзячы на немастацкі фармат, фільмы кранальныя, яны перадаюць увесь боль трагедыі нашага народа. Псіхалагічна няпроста глядзець такія кадры, аднак нездарма праект называецца “Гэта павінен ведаць кожны беларус”, і я цалкам раздзяляю меркаванне аўтараў.
Галіна Касцюк, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна:

– На маю думку, не толькі дарослых, але і моладзь абавязкова трэба знаёміць з такімі фільмамі. Мы не павінны забываць пра тое, праз што прайшоў наш народ, каб бяспечна, без страху і прыгнёту, жыць на сваёй зямлі пад мірным небам. Кінастужкі вельмі ўразілі і адазваліся ў сэрцы. Асабліва балюча было бачыць гібель дзяцей, калі дарослыя людзі насуперак усім законам розуму і прыроды не абараняюць падрастаючае пакаленне, а зганяюць у хлявы, расстрэльваюць, спальваюць. З кожнай такой дзіцячай смерцю гіне і вера ў дабро, надзея на нармальнае жыццё. Такія моманты немагчыма ўспрымаць спакойна нават на экране.
Ірына Сарачынская, загадчыца аддзела па кінавідэаабслугоўванні насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці:

– Абодва фільмы вельмі ўразілі мяне. Адна справа, калі мы вывучалі гэту тэму ў школе на ўроках гісторыі, чыталі ў кнігах. А калі бачыш на экране боль, пакуты і смерць мірных людзей, сваіх землякоў, – не можаш не суперажываць. На працягу кінастужак я быццам сама пражывала ўсе падзеі разам з героямі. Такія карціны кранаюць да слёз і прымушаюць задумацца. Рэкамендую да прагляду падлеткам і дарослым, каб не забываць трагічныя старонкі нашага мінулага і берагчы тое, што маем цяпер.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #ВОВ #геноцид