Чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама было выязным, яно прайшло ў будынку Дзятлаўскага сельвыканкама. Прааналізавана сітуацыя па абароне законных правоў і інтарэсаў непаўналетніх у трох сем’ях, а таксама разгледжана хадайніцтва ўстановы адукацыі аб пагаршэнні сітуацыі ў сацыяльна ненадзейнай сям’і, у выніку чаго прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне трое дзяцей.

Вяртаць сына маці яшчэ рана

У красавіку гэтага года падлетак, якога маці гадуе адна (шлюб з бацькам дзіцяці ў яе не зарэгістраваны), быў прызнаны маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне з-за схільнасці жанчыны да спіртных напояў. Час пасля адабрання хлопец правёў у санаторнай школе. Нягледзячы на нізкую паспяховасць, ён выказваў намер аб паступленні ў кадэцкае вучылішча, таму на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, акрамя паводзінаў маці па выпраўленні сямейнай сітуацыі, абмеркавалі і гэту магчымасць.

Як высветлілася, ільготаў для пазаконкурснага залічэння ў кадэты наш юны зямляк не мае. З-за сур’ёзных патрабаванняў да прахадных балаў магчымасць яго залічэння пакуль выклікае пытанні, тым не менш спецыялісты сацыяльна-педагагічнага цэнтра трымаюць сітуацыю на кантролі.

Прадстаўнікі службаў прафілактыкі пільна сочаць і за паводзінамі дарослых. За гэты час з-за прагулаў на рабоце быў звольнены бацька хлопца, аднак ён ужо пенсіянер, і нават без дадатковага заробку ёсць магчымасць з яго салідарна з маці спаганяць расходы на ўтрыманне сына. Пры наведванні мужчыны па месцы жыхарства высветлілася, што ён не мае жадання самастойна гадаваць хлопца, а таму і асабліва не імкнецца яго вярнуць.

Больш старанняў у гэтым кірунку праяўляе маці: яна не дапускала прагулаў у наймальніка, стала на ўлік да доктара-нарколага, падтрымлівае цвярозы лад жыцця, тэлефануе сыну, аднак часам занадта эмацыйна рэагуе на дзеянні і парады спецыялістаў службаў прафілактыкі, што перашкаджае правільнаму разуменню сітуацыі.

Прайшло няшмат часу з моманту адабрання падлетка, таму ўсё ў руках маці, работа з сям’ёй прадоўжана.

Ёсць плюсы, але хапае і мінусаў

Папярэдні заклік на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх гэтыя бацькі праігнаравалі. Маці патлумачыла няяўку тым, што позна заўважыла запрашэнне. Аднак і на планавыя агляды да доктара-нарколага жанчына ўжо некалькі месяцаў запар не прыходзіць, а праблемы сям’і па большай частцы тычацца менавіта яе схільнасці да алкаголю. На заўвагі членаў камісіі паабяцала, што пройдзе кансультацыю ў бліжэйшыя дні. На шчасце, і выпадкаў алкагольнага ап’янення ў яе апошнім часам выяўлена не было.

Ёй і мужу спецыялісты адказных службаў нагадалі, што пагаршэнне сітуацыі ў сям’і, ігнараванне прафілактычных мерапрыемстваў можа прывесці да адабрання дзяцей, а іх – трое. Дарослыя паабяцалі быць абачлівымі, сям’я застаецца на кантролі адказных службаў.

“Лячылі” нервы алкаголем – засталіся без дзяцей

З установы адукацыі з-за пагаршэння сітуацыі ў сям’і ў адрас камісіі па справах непаўналетніх паступіла хадайніцтва аб прыняцці мераў да бацькоў траіх дзяцей.

На пасяджэнне прыйшла толькі маці, бацька запрашэнне праігнараваў, магчыма, проста быў п’яны. Справа ў тым, што больш за тыдзень ён злоўжываў алкаголем, з-за чаго застаўся без работы. Разам піла і жанчына, абодва дарослыя асведчаны, горшыя здагадкі спецыялістаў пацвердзіліся. І гэта нягледзячы на тое, што зусім нядаўна педагогі і сваякі літаральна змагаліся за тое, каб дзеці гадаваліся дома. Іх намаганняў муж і жонка не ацанілі, ды і рабіць пазітыўныя прагнозы надалей па гэтай сям’і ніхто з адказных спецыялістаў не рызыкнуў, маўляў, пілі і піць будуць.

На пытанне членаў камісіі да жанчыны, навошта было прыкладвацца да чаркі, калі дзяцей ім пакінулі “пад апошняе абяцанне”, маці адказала, што такім чынам яны з мужам “лячылі нервы”. Цяпер у дарослых будзе магчымасць атрымаць прафесійную і кваліфікаваную дапамогу спецыялістаў у гэтым кірунку, бо непаўналетніх прызналі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. На перагляд жыццёвых прыярытэтаў у іх ёсць шэсць месяцаў, інакш увогуле могуць быць пазбаўлены правоў на дзяцей.  

Мяняць трэба культуру паводзінаў

Цяпер праходзіць лячэнне ад алкагольнай залежнасці ў абласной дзяржаўнай спецыялізаванай клініцы бацька хлопчыка, прызнанага маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, таму на пасяджэнні камісіі па справаў непаўналетніх інтарэсы дзіцяці прадстаўляла яго жонка, мачаха дзіцяці.

Звярнуцца да прафесіяналаў мужчыну вымусіў адчай. Самастойна “выбрацца” з сітуацыі ён няздольны: быў заўважаны нападпітку нават на рабочым месца, а ў час аднаго з наведванняў службамі прафілактыкі па месцы жыхарства нецвярозым знаходзіўся разам з жонкай. Тым не менш дарослыя жадаюць вярнуць сына, падтрымліваюць з ім цёплыя стасункі, спрабуюць выправіць няпростую сітуацыю.

– Калі не пачняце правільна адносіцца да алкаголю, усё лячэнне “пройдзе міма”, – патлумачыў жанчыне ў час пасяджэння доктар-нарколаг Дзятлаўскай ЦРБ Барыс Отчык. – Дома спіртнога быць не павінна наогул. Мяняць трэба культуру паводзінаў: вучыцеся адзначаць святы і падзеі за кубачкам чаю.

Параду гэту спецыяліст агучыў не проста так: летась бацька ўжо праходзіў лячэнне шляхам увядзення спецыяльнага прэпарата, аднак праз паўтара месяца зноў узяўся за бутэльку, нягледзячы на рызыку для здароўя.

Хочацца спадзявацца, што на гэты раз дарослыя нарэшце зразумеюць, наколькі будучыня сына звязана з іх маральным выбарам. Работа з сям’ёй прадаўжаецца.

Сяргей АЛЯШКЕВІЧ,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнт газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации