Адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Ацэнена сітуацыя ў васьмі сем’ях, дзе непаўналетнія знаходзяцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Па выніках сацыяльных расследаванняў разгледжаны два хадайніцтвы ўстановаў адукацыі раёна аб прыняцці рашэнняў па наяўнасці крытэрыяў і паказчыкаў недабрабыту. Праведзены аналіз выканання планаў абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх у трох сем’ях, дзе дзеці прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Пакуль сітуацыя радуе

Напрыканцы мінулага года нованароджанага ў гэтай маці прызналі маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, цяпер хлопчык знаходзіцца ў Гродзенскім доме дзіцяці, а ў жанчыны ёсць роўна паўгода, каб выправіць свой лад жыцця і вярнуць сына.

Па словах спецыялістаў службаў прафілактыкі, маці ў гэтым зацікаўлена. Як абавязаная асоба яна ўладкавалася ў гаспадарку, дзе працавала раней, аднак цяпер у наймальніка няма нараканняў на яе адносіны да справы, прагулаў жанчына таксама не дапускала. Дома яна паклапацілася аб ухіленні недахопаў па пажарнай бяспецы, якія выявілі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. У бліжэйшы час плануе наведаць сына ў абласным цэнтры, а пакуль тэлефануе спецыялістам установы, каб пацікавіцца станам яго здароўя.

Прайшло мала часу пасля адабрання дзіцяці. Члены камісіі па справах непаўналетніх патлумачылі жанчыне: калі яна і надалей прадоўжыць прыкладаць станоўчыя намаганні і не будзе ўжываць алкаголь, то ёсць усе шанцы, што немаўля ёй вернуць.

Праблемы не вырашаюцца, а назапашваюцца

На жаль, супрацьлеглая сітуацыя назіраецца ў сям’і, дзе маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне прызнаны трое дзяцей. Шасцімесячны перыяд адабрання, прапісаны ў заканадаўстве, хутка падыдзе да завяршэння, а дарослыя не бяруцца за розум. Калі маці праяўляе цікавасць і наведвае непаўналетніх у прытулку, то бацька “цягне ўсю сям’ю на дно”, жанчына ж паўплываць на яго паводзіны не здольная. На мінулае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама мужчына спрабаваў трапіць нецвярозым, безумоўна, гэта яму не ўдалося. Месяц таму і ўвогуле хуткая медыцынская дапамога з рабочага месца даставіла яго ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы ў непрытомным стане. Як аказалася, такім чынам работнік “змагаўся са стрэсам” пасля атрымання заўваг. Паколькі ён з’яўляецца абавязанай асобай, а п’яным пацыентам па законе бальнічныя не выдаюць, то за прагулы пры лячэнні бацька “зарабіў” яшчэ і адміністрацыйную адказнасць. Цяпер на пасяджэнні камісіі мужчына зноў адсутнічаў, за яго чырванела жонка.

Зразумела, што пры такім стане спраў вярнуць дзяцей у сям’ю немагчыма. Члены камісіі прапанавалі маці альтэрнатыўнае рашэнне: калі муж – “баласт”, з-за якога абодва могуць быць пазбаўлены бацькоўскіх правоў, можа, лепш развесціся, тады з’явіцца хоць якая магчымасць вярнуць сыноў і дачку самастойна.   

Хто будзе гадаваць дачку?

Адваротная сітуацыя склалася ў нованароджанай, прызнанай два месяцы таму маючай патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Шлюб паміж яе бацькамі не зарэгістраваны: у маці адабралі адразу дзвюх дачок і для жанчыны гэта трэцяе адабранне (вырашаць пытанне аб пазбаўленні яе бацькоўскіх правоў, хутчэй за ўсё, будзе суд), бацька ж немаўляці з падобным сутыкнуўся ўпершыню і мае шанц вярнуць дзяўчынку.

Менавіта паводзіны маці прывялі да такіх сумных наступстваў: яна даўно злоўжывае алкаголем, неаднаразова пакідала дзяцей на некалькі дзён, а нядаўна прайшла медыцынскую камісію па накіраванні ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Хутчэй за ўсё, туды і трапіць, бо амаль адразу пасля кадзіроўкі зноў пачала выпіваць. Мужчына прайшоў лячэнне ад згубнай залежнасці яшчэ да адабрання дзіцяці, на яго паводзіны ў спецыялістаў службаў прафілактыкі нараканняў няма. Аднак дачка вельмі маленькая, таму ўзнікае пытанне, ці зможа бацька гадаваць яе адзін, калі маці пазбавяць правоў. Вяртаць немаўля рана, у дарослых ёсць чатыры месяцы на вырашэнне сітуацыі, аднак прадказаць фінал складана.

Паказчыкі недабрабыту адсутнічаюць

Школа правяла сацыяльнае расследаванне ў няпоўнай сям’і. Некалькі тыдняў таму да бацькі з іншага раёна пераехаў жыць непаўналетні сын, бо ў адносінах да маці хлопца было прынята рашэнне аб прызнанні дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Па выніках праверкі па новым месцы жыхарства юнака крытэрыяў і паказчыкаў недабрабыту не выяўлена: падлетка вырашана не прызнаваць у сацыяльна ненадзейным становішчы. Яго бацька атрымлівае пенсію, яшчэ працуе, да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягваўся, сына прыняў, уладкаваў у школу, цікавіцца яго вучобай і вольным часам. Члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама параілі бацьку для выключэння праблемных сітуацый у далейшым юрыдычна замацаваць рашэнне аб пражыванні сына разам з ім на пастаяннай аснове.

Члены камісіі таксама прааналізавалі сітуацыю ў васьмі сем’ях, дзе непаўналетнія знаходзяцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы: у адной праблемы вырашаны, і яна знята з уліку, з астатнімі работу прадоўжаць.

Вадзім БЯЛЯТКА,
старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнт газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации