Абсалютны вынік у 100 балаў за цэнтралізаваны экзамен па мове на выбар сёлета атрымалі шэсць выпускнікоў адзінаццатых класаў раёна.
Адразу чатыры вышэйшыя балы па рускай мове ў навучэнцаў Вольгі Старыкавай – настаўніцы сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы. Ідэальнымі аказаліся веды ў яе вучняў Валерыі Жалнерчык, Сяргея Цюшляева, Дар’і Лявошка, Дар’і Іода. У Гезгалаўскай сярэдняй школе імя М. І. Нядзеліна стабальніцу Валерыю Юргілевіч падрыхтавала педагог Людміла Календа.
Па беларускай мове вышэйшага выніку дасягнула навучэнка гімназіі № 1 горада Дзятлава Дар’я Пятроўская, з якой займалася настаўніца Аксана Ванчук.
Яшчэ трое адзінаццацікласнікаў, але ўжо па прадмеце на выбар, на цэнтралізаваным экзамене недабралі аднаго бала да запаветнай лічбы і здалі іспыты на 99 балаў. Па біялогіі – Яна Клуйша з Вензавецкай сярэдняй школы (настаўніца Аксана Роўба), па геаграфіі – Дзмітрый Ранцэвіч з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча (настаўніца Алена Саўчыц), па грамадазнаўстве – Кіра Калюцік з сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы (настаўнік Сяргей Сівы).
Сяргей Цюшляеў:

– Руская мова заўжды здавалася мне лягчэйшай, таму для цэнтралізаванага экзамену выбраў менавіта яе. Усе заняткі з нашай настаўніцай Вольгай Старыкавай па падрыхтоўцы да тэсціравання наведваў без пропускаў, яшчэ займаўся дадаткова з Аленай Ляўковіч, выконваў тэсты, якія задавалі на дом, самастойна паўтараў правілы. На высокі бал спадзяваўся, бо “прарашаў” вельмі шмат тэстаў, а заданні ў іх падобныя, таму веды былі грунтоўныя.
На ЦЭ на выбар я здаваў англійскую мову, да якой рыхтаваўся два гады запар, на жаль, білет трапіўся складаны, вынік – 77 балаў, а на рэпетыцыйных іспытах набіраў да 95-і. Пакуль невядомы вынікі цэнтралізаванага тэсціравання па матэматыцы, аднак таксама спадзяюся на дастойную адзнаку. У будучым бачу сябе праграмістам ці эканамістам, канкрэтна выбраць навучальную ўстанову можна будзе, калі даведаюся ўсе вынікі.
Мой сакрэт поспеху ў тым, каб займацца рэгулярна, а не спадзявацца на лёгкі білет ці ўдачу, да таго ж трэба якасна адпачываць. Напрыклад, мне здымаць напружанне ў нялёгкі перыяд падрыхтоўкі дапамагаў спорт.
Сваім равеснікам-выпускнікам жадаю здароўя, поспехаў, каб усё ў іх атрымалася, а яшчэ ёсць цудоўная фраза, якую ім адрасую: “Рабіце тое, што любіце, і любіце тое, што робіце”.
Вучням, якія перайшлі ў старэйшыя класы і стаяць на шляху да ЦЭ і ЦТ, раю рэгулярна займацца выбранымі дысцыплінамі, не забываць пра адпачынак і памятаць, што экзамены – гэта не галоўнае, што ёсць у нашым жыцці, хаця прайсці праз іх давядзецца кожнаму. Удачы і высокіх вынікаў.
Дар’я Пятроўская:

– Я выбрала беларускую мову, бо ўдзельнічала ў алімпіядах па ёй з пятага класа і амаль заўжды была ў тройцы лідараў. Займалася пры падрыхтоўцы да іспытаў з нашай настаўніцай Аксанай Ванчук, у тым ліку дадаткова. Пастаянна хадзіла на кансультацыі, а ў групе ў месенджарах педагогі нам скідвалі правілы і заданні, якія трэба засвоіць і выканаць. Апошнія дні перад іспытам рыхтаваліся грунтоўна, да таго ж выпаў лёгкі білет. Была ўпэўненая ў дастойным выніку, аднак на абсалютны бал не спадзявалася, бо на рэпетыцыйных экзаменах яго ні разу не атрымала. Сто балаў на РЭ ў мяне было па англійскай мове – гэта мая дысцыпліна на выбар. Праўда, лёс склаўся так, што на рэальным экзамене трапіўся цяжкі білет, і мой вынік – 84 балы. На цэнтралізаваным тэсціраванні здавала гісторыю Беларусі, якую пакуль яшчэ не ацанілі. Спадзяюся, сума балаў складзецца такой, што змагу ажыццявіць сваю мару: паступіць на перакладчыка. Калі ж не атрымаецца, ёсць “запасны варыянт” – факультэт англійскай мовы ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.
Мой сакрэт поспеху просты: варта ўдзельнічаць у алімпіядным руху, наведваць дадатковыя заняткі і не прагульваць школу, не менш важна рэгулярна адпачываць, мець свае захапленні.
Выпускнікам-2025 я жадаю паступіць, куды мараць, і займець шмат добрых сяброў, тым, хто перайшоў у старэйшыя класы – старанна вучыцца, каб дасягнуць высокіх вынікаў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #нашелучшее #нашалепшае #образование