21 студзеня па ўсёй краіне пачалося датэрміновае галасаванне па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дзятлаўчане таксама актыўна ўключыліся ў працэс электаральнай кампаніі.

Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка прыйшоў на ўчастак № 9 у гімназію № 1 горада Дзятлава адным з першых, каб аддаць свой голас за кандыдата ў Прэзідэнты:

– Сваім прыкладам хачу паказаць, што галасаваць вельмі важна. Гэта грамадзянскае права, якім абавязкова неабходна скарыстацца. У нашым жыцці ўсё залежыць ад выбару, мы не выбіраем толькі Радзіму і бацькоў, а ўсё астатняе можам. Таму ўсвядомлены выбар будзе ўплываць на лёс не толькі нашага пакалення, але і дзяцей, унукаў.

Намеснік галоўнага рэдактара газеты “Перамога” Вольга Юшкевіч  таксама прыйшла на выбарчы ўчастак у першы дзень датэрміновага галасавання:

–  Вельмі зручна, што можна аддаць свой голас загадзя, асабліва для тых, хто 26 студзеня працуе. У асноўны дзень выбараў я таксама буду на рабоце, але паўдзельнічаць у такой важнай для краіны падзеі лічу не проста жаданнем, а абавязкам. Ад выбару кожнага грамадзяніна залежыць будучыня ўсёй краіны.

Пенсіянерка Надзея Мілейка стала самым першым выбаршчыкам на 9-м участку. Яна расказала, што кожны раз галасуе датэрмінова:

–  Добра, што ў Беларусі ёсць магчымасць самім выбраць Прэзідэнта, якому давяраем і ў рашэннях якога ўпэўненыя. Лічу, што кожны беларус павінен скарыстацца такой магчымасцю.

Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Наталля Клімец расказала, што на ўчастку ў гімназіі горада Дзятлава зарэгістраваны 1872 выбаршчыкі. Тых, хто будзе галасаваць упершыню, два чалавекі, яны атрымаюць у падарунак кнігу “Сімвалы суверэннай Беларусі” і майку з надпісам “Мой голас першы”. Таксама сёння першыя тры выбаршчыкі атрымалі падарункі ад раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”. Звычайна яўка на выбары добрая, чакаем гэтага і сёлета. За першыя 20 хвілін работы прагаласавалі ўжо больш за 20 чалавек.

Нагадваем, што прагаласаваць датэрмінова можна на кожным з 18-і выбарчых участкаў Дзятлаўскага раёна ў перыяд з 21 па 25 студзеня з 12 да 19 гадзін.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#Президент #Выборы

Похожие публикации