14 мая, адначасова з усёй Гродзеншчынай, Дзятлаўскі раён сустрэў Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Урачыстасць прайшла на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў, сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў, навучэнцы школ раёна.
Для жадаючых атрымаць у падарунак бутаньерку або стужку на руку ў колерах дзяржаўнага сцяга працаваў “Пункт міру”, арганізаваны раённымі камітэтамі ГА “БРСМ” і “БРПА”.
Ва ўрачыстай абстаноўцы Дзяржаўны сцяг і сцяг раёна ўзнялі дырэктар Дзятлаўскага ПМС Віктар Адамчык, доктар Дзятлаўскай ЦРБ Вікторыя Тыць, навучэнка сярэдняй школы № 3 райцэнтра, член моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў Анастасія Шавель і трактарыст-машыніст ААТ “Граніт-Агра” Дзмітрый Афанасік. Адначасова з гэтым Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь паднялі ва ўсіх навучальных установах раёна.
Госці мерапрыемства разам праспявалі гімн Рэспублікі Беларусь, які з гэтага года быў замацаваны ў назве дзяржаўнага свята.
Камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец павіншаваў землякоў з важнай для кожнага беларуса датай:
– Дзяржаўныя сцяг, герб і гімн з’яўляюцца ўвасабленнем палітычнай незалежнасці і суверэнітэту нашай краіны. Дзяржаўныя сімвалы з’яўляюцца той гістарычнай нітачкай, якая звязвае нас з гераічным мінулым, сучаснасцю і будучыняй. Радкі нашага гімна так і пачынаюцца: “Мы, беларусы, мірныя людзі”. Мы павінны заўжды помніць, якой цаной заваявана наша Перамога, шанаваць, ахоўваць і аберагаць нашы дзяржаўныя сімвалы. Сардэчна віншую вас са святам! Жадаю ўсім нам міру, дабрабыту і стваральнай працы на карысць нашай любімай Беларусі.
Па добрай традыцыі моладзь Дзятлаўшчыны прынесла клятву вернасці дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь.
Кранальна і пранікнёна прайшла цырымонія развітання з піянерскім гальштукам. Навучэнцы школ, якія пераходзяць на новую прыступку жыцця грамадзяніна, атрымалі членскія білеты ГА “БРСМ” ад першага сакратара раённай арганізацыі Кацярыны Хілімончык.
Свята прадоўжылася міні-канцэртам і яскравым сцяг-шоу ад школьнікаў Дзятлаўшчыны.
Удзельнікі свята ўшанавалі памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны, усклаўшы гірлянду з чырвонымі, зялёнымі стужкамі і кветкі да помніка Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову.
Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь на Дзятлаўшчыне адзначыўся таксама спартыўнымі мерапрыемствамі.
Наталля АВЯРЧУК
Фота, відэа Наталлі АВЯРЧУК і Вольгі ЮШКЕВІЧ