Моладзевыя навіны. Вясновая “вахта” студатрадаўцаў

Рабочыя рукі запатрабаваны заўжды, таму ў членаў грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” ёсць магчымасць далучыцца да студатрадаўскага руху.

Як расказала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, на вясновых канікулах з 25 сакавіка на базе Дзятлаўскага РУП ЖКГ пачалі працаваць 26 студатрадаўцаў і прадоўжаць сваю работу да 10 красавіка. Гэта старшакласнікі 14 гадоў і старэйшыя, якія заняты на добраўпарадкаванні населеных пунктаў. У райцэнтры працуюць 15 хлопцаў і дзяўчат, яшчэ шэсць  – у гарпасёлку Казлоўшчына, пяць – у Наваельні.

На базе камунгаса студатрад функцыянуе другі год запар. Вясной такая падтрымка для камунальнікаў вельмі дарэчы. Студатрадаўцы дапамагаюць клапаціцца аб саджанцах кветак у цяпліцы, прыбіраюць смецце на вуліцах, чысцяць тратуары, выконваюць іншыя заданні па навядзенні парадку.

Па словах раённага моладзевага лідара, магчымасць папрацаваць у школьнікаў ёсць заўжды, аднак у вучэбны час зрабіць гэта можна толькі са скарочаным рабочым графікам, таму і фарміруюцца атрады пераважна на канікулах. Наступная працоўная змена пачнецца ў чэрвені: на базе сельгаспрадпрыемстваў раёна, дзе падлеткі зоймуцца відавой праполкай, у Дзятлаўскай ЦРБ, Дзятлаўскім лясгасе. Пазней будуць дапамагаць аграрыям на жніве, а ўвосень – на ўборцы бульбы. У кастрычніку, калі ападзе лісце, мяркуецца зноў прапанаваць дапамогу камунальнікам для навядзення парадку ў райцэнтры.

Кацярына Хілімончык нагадала, што цяпер у навучальных установах раёна праходзіць акцыя “Выбіраем студатрад” па інфармаванні старшакласнікаў аб магчымасці запісацца ў атрады. Зрабіць гэта можна, звярнуўшыся ў школьную пярвічку або раённы камітэт ГА “БРСМ”. А напрыканцы красавіка сумесна са спецыялістамі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама плануецца правесці кірмаш вакансій, дзе таксама раскажуць аб студатрадах.

У Дзятлаве мы заспелі маладых работнікаў на абеліску Славы, дзе яны чысцілі дарожкі, падмяталі смецце.

– Усе працуюць старанна, – расказала спецыяліст РК ГА “БРСМ” Наталля Маркава. – На канікулах мы былі заняты ў першай палове дня, цяпер – пасля ўрокаў са скарочаным часам, як таго патрабуе заканадаўства. Некалькі дзяўчынак дапамагаюць у цяпліцы, а хлопцы – на ўборцы горада. Удзел у студатрадаўскім руху – справа добраахвотная, аднак жадаючых зарабіць уласныя грошы заўсёды хапае. Усе прысутныя ў студатрадзе ўпершыню, а таму жадаю ім, каб першы працоўны вопыт прынёс толькі станоўчыя ўражанні і з’явілася жаданне надалей займацца карыснымі справамі. Спадзяюся, дзеці атрымаюць за работу дастойнае грашовае ўзнагароджанне, паколькі гэта адзін з матывуючых фактараў, асабліва пры першым працаўладкаванні.

– У атрадзе мне падабаецца, – падзяліўся ўражаннямі дзесяцікласнік сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Уладзіслаў Высоцкі. – Работу даюць не вельмі цяжкую, як раз для нашага ўзросту. Нядаўна мы наводзілі парадак на алеі Маці, дзе рыхтавалі да рамонту дарожкі, чысцілі вуліцу Кастрычніцкую, сартавалі смецце, цяпер прыбіраем абеліск. Калі запісваўся ў студатрад, пэўнае ўяўленне аб рабоце камунальнікаў у мяне было, цяпер даведаўся аб ёй яшчэ больш, разумею, як дасягаецца парадак у горадзе. Летам я таксама не супраць папрацаваць. Першы свой заробак адкладу, бо мару пра камп’ютар і гітару. Усім старшакласнікам раю хаця б раз пабываць у студатрадзе, магчыма, ім таксама спадабаецца.

– Я хаджу на працу кожны дзень, прапусціў яе толькі раз, калі здаваў рэпетыцыйны ЦЭ, – прызнаецца навучэнец гэтай жа школы Дзмітрый Ранцэвіч. – Аб фарміраванні студатрада мне падказалі сябры, не шкадую, што далучыўся. Лічу, што праца камунальнікаў складаная, часам брудная, аднак вельмі карысная і неабходная, бо хадзіць па чыстым горадзе ўсім прыемна. А яшчэ многім карысна зразумець, чаго каштуе праца дворніка. Мае сябры на вуліцы не смецяць, ніколі не заўважаў гэтага за імі. А вось у дарослых, на жаль, бывае: мы вельмі шмат вымятаем акуркаў. На вуліцах ёсць урны для смецця, навошта яго кідаць на зямлю? Заробленыя грошы я адкладу надалей, бо для паступлення патрэбен ноўтбук.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

administrator

Recent Posts

Дэпутацкія клопаты. Андрэй Жамойда правёў прыём грамадзян у Дзятлаве

9 ліпеня член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй…

12 часов ago

“Дзень свабоды і памяці”

Пад такой назвай у Дзятлаўскай раённай бібліятэцы 9 ліпеня прайшоў дыялог пакаленняў, прысвечаны дню вызвалення…

13 часов ago

Якое значэнне для дзятлаўчан мае дата 9 ліпеня?

Аляксандр Бургун, ваенны камісар Дзятлаўскага раёна: – У Дзень Перамогі мы ўзгадваем продкаў, якія адстаялі…

14 часов ago

Незабыўныя старонкі ваенных гадоў. Горад Дзятлава сустрэў Дзень вызвалення

9 ліпеня каля помніка Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову ў гарадскім парку…

14 часов ago

О правилах поведения в цифровом пространстве

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

15 часов ago

Прамая тэлефонная лінія

14 ліпеня з 14 да 16 гадзін адбудзецца прамая тэлефонная лінія з начальнікам АУС Дзятлаўскага…

16 часов ago