Яркай падзеяй у жыцці юных патрыётаў Дзятлаўшчыны стаў раённы этап Рэспубліканскага піянерскага патрыятычнага фестывалю “Агеньчык запрашае сяброў!” у намінацыі “Сцяг-шоу”.

Больш падрабязна пра піянерскае свята расказала старшыня раённага савета ГА “БРПА” Ірына Мішчанка:

– Фестываль сабраў самых актыўных і творчых школьнікаў раёна. Конкурс скіраваны на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, папулярызацыю дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” і “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.

Спаборнічалі каманды членаў ГА “БРПА” ва ўзроставай катэгорыі ад сямі да дзесяці гадоў, а таксама ад адзінаццаці да трынаццаці з установаў агульнай сярэдняй адукацыі Дзятлаўшчыны. Удзельнікі ў камандных выступленнях прадэманстравалі свае таленты, крэатыў і любоў да Радзімы.

Фестываль “Агеньчык запрашае сяброў!” у чарговы раз пацвердзіў сваю значнасць як пляцоўка для развіцця творчага патэнцыялу дзяцей і падлеткаў, выхавання ў іх пачуццяў гонару за сваю Айчыну і дачынення да яе гісторыі і культуры. Мерапрыемства стала сапраўдным святам сяброўства, патрыятызму і натхнення для ўсіх яго ўдзельнікаў і гледачоў.

Нам з членамі журы – галоўным спецыялістам аддзела адукацыі райвыканкама Аленай Гарановіч і першым сакратаром раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярынай Хілімончык – было няпроста вызначыць лепшых. Тым не менш, вынікі падведзены.

У малодшай узроставай катэгорыі другое месца заняла каманда “Зорачкі” Хвінявіцкай сярэдняй школы.

У старэйшай узроставай катэгорыі на першае месца выйшла каманда “У рытме Перамогі” Круцілавіцкай сярэдняй школы, на другім замацаваліся “Патрыёты” з гімназіі № 1 горада Дзятлава, тройку замкнулі каманда “Лідары” Казлоўшчынскай сярэдняй школы, “Мандарынкі” Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна, “Агеньчык” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы. 

 Ірына СТЫРНІК

Фота Ірыны МІШЧАНКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#Дятловщина #молодежь

Похожие публикации