Часткай праекта “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма”, які дапамагае старшакласнікам усвядоміць каштоўнасць сямейных традыцый, патрыятызму і грамадзянскай адказнасці, стала класная гадзіна “Героі Рэспублікі Беларусь” для навучэнцаў 10 класа сярэдняй школы № 1 г. Дзятлава імя А. М. Чурылы.

Заняткі прайшлі ў школьным музеі, дзе яго кіраўнік Аліна Макарэвіч азнаёміла з інфармацыяй аб людзях, чые подзвігі назаўжды ўвайшлі ў гісторыю краіны. Таксама мы даведаліся пра лёсы людзей, якія ўдастоены звання Герой Беларусі, пра тых, хто праявіў мужнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны і ў мірны час, а таксама пра сучаснікаў, якія ўнеслі ўклад у развіццё навукі, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, культуры і спорту.

Асабліва ўразіў подзвіг ваенных лётчыкаў Уладзіміра Корвата, Мікіты Куканенкі і Андрэя Нічыпорчыка, якія праявілі мужнасць і гераізм, адвялі няспраўны самалёт ад жылых дамоў і цаной свайго жыцця выратавалі сотні людзей.

Кіраўнік музея расказала і аб тым, як рэалізоўваўся праект “Сэрца, аддадзенае дзецям”, пра лёс і подзвіг настаўніцы, чыё імя прысвоена школе –Арцеміі Міхайлаўны Чурылы.

Подзвігі герояў – гэта не толькі старонкі гісторыі, але і прыклад для кожнага з нас, бо мужнасць, сумленнасць і любоў да Радзімы пачынаюцца з учынкаў: дапамогі сям’і, клопату аб прыродзе, павагі да старэйшых.

Таксама мы прынялі ўдзел у дыскусіі “Якім я бачу героя сёння?”. Адказы былі розныя: адны гаварылі пра абаронцаў краіны, другія – пра дактароў і настаўнікаў, бацькоў, якія кожны дзень здзяйсняюць свой подзвіг дзеля сям’і.

Мерапрыемства стала сапраўдным урокам патрыятызму і духоўнай сілы,  паказала, што героі жывуць побач з намі – у гісторыі, сучаснасці і нашых сэрцах.

Зарына МАКАРЧУК,

Анастасія АВЕРКАВА,

юныя журналісты газеты “Перамога”, навучэнкі 10 класа сярэдняй школы № 1 г. Дзятлава імя А. М. Чурылы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации