Адбыўся раённы этап рэспубліканскага моладзевага конкурсу “Лідар года-2026”. У фінале вочнага тура за званне лепшага змагаліся чатыры ініцыятыўныя прадстаўнікі ўстановаў адукацыі Дзятлаўшчыны.

Конкурсная праграма складалася з двух этапаў. У папярэднім (завочным) туры канкурсанты прадставілі лічбавыя партфоліа “Поспех у фокусе: дайджэст лідара”. У іх школьнікі адлюстравалі свае галоўныя дасягненні і ўклад у грамадскае жыццё.

У вочным фінале маладым лідарам належала прайсці тры іспыты: выступіць з самапрэзентацыяй “Мой лідарскі код”, абараніць свой сацыяльна значны праект на выставе-прэзентацыі сацыяльных ініцыятыў “Ідэя. Дзеянне. Вынік”, а таксама праявіць аратарскае майстэрства і ўменне адстойваць уласную пазіцыю ў лідарскіх дэбатах “Кропка росту: лідарскі погляд”.

Па выніках усіх конкурсных іспытаў журы вылучыла пераможцу і прызёраў. Дыплом гран-пры заваявала дзесяцікласніца сярэдняй школы № 1 горада Дзятава імя А. М. Чурылы Лізавета Якубоўская, дыплом першай ступені прысуджаны навучэнцы 10 класа Казлоўшчынскай сярэдняй школы Маргарыце Цяцерынай, дыпломам за другое месца адзначана навучэнка 9 класа Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна Валерыя Кастусік, на трэцім месцы замацавалася дзесяцікласніца Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук Аляксандра Міклаш.

Цяпер Лізавету Якубоўскую чакае ганаровая і адказная місія – 27 лістапада прадстаўляць Дзятлаўскі раён на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Лідар года-2026”. Віншуем пераможцаў і жадаем ім новых яркіх дасягненняў.

Алена ШВЕЦ,
карэспандэнт медыяцэнтра “КУБ” Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации