Юныя журналісты Дзятлаўшчыны з медыяцэнтра “КУБ” асвойваюць мастацтва інтэрв’ю, таму правялі аперацыю “Разгаварыць невідзімку”.
Маладыя аматары публіцыстычнага жанру разумеюць, што для яркага рэпартажу не заўжды патрэбны студыйныя сафіты і складаныя сцэнарыі. Галоўнай зброяй карэспандэнта часам становіцца толькі ўважлівасць і своечасовыя трапныя пытанні. Школьнікі яшчэ раз упэўніліся ў гэтым на незвычайным адукацыйным інтэнсіве.

У рамках медыяпраекта “КУБ” МедыяПрарыў” каардынатар цэнтра Ірына Мішчанка правяла анлайн-трэнінг “Агенты сакрэтнага бюро “КУБ”: місія “Разгаварыць невідзімку”. Да сустрэчы далучыліся юныя карэспандэнты медыяцэнтра і валанцёры раённага клуба “Мы разам!”.
У гульнявым фармаце школьнікі вучыліся знаходзіць падыход нават да самых маўклівых субяседнікаў. На практыцы яны разбіралі, як памяняць закрытае пытанне (на якое можна адказаць толькі “так” або “не”) на фразы са словамі “як” ці “што было далей”, якія дапамагаюць герою раскрыцца.

Асаблівую цікавасць выклікаў творчы блок “Інтэрв’ю з прадметам”. Звычайныя рэчы – лінейка, фламастары, плюшавая цацка на час ажывалі і ператвараліся ў зорных гасцей са сваёй біяграфіяй, а юныя рэпарцёры “раскручвалі” іх на цікавыя гісторыі.

Таксама ўдзельнікі трэніравалі назіральнасць: вучыліся імгненна заўважаць дробныя дэталі ў кадры і будаваць вакол іх размову.
Галоўная выснова занятку аказалася простай: лепшае пытанне нараджаецца не ў блакноце напярэдадні інтэрв’ю, а тут і цяпер.
У фінале кожны ўдзельнік атрымаў дамашняе заданне: зняць хатняе відэаінтэрв’ю з нечаканым героем: ад халадзільніка і татавага чаравіка да бабулі ў ролі іншапланецянкі. Лепшыя работы хутка папоўняць скарбонку медыяцэнтра.
Лізавета ЯКУБОЎСКАЯ,
карэспандэнт медыяцэнтра “КУБ” Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga