Сёння роўна ў 12 гадзін дня ва ўсіх сельскіх саветах Дзятлаўскага раёна і ў райцэнтры прайшлі ўрачыстыя мітынгі, прысвечаныя 72-й гадавіне Вялікай Перамогі, памяці воінаў і мірных жыхароў, загінулых у ваенныя гады.
У аграгарадку Дварэц ля помника загінулым воінам сабраліся мясцовыя жыхары, прыдстаўнікі мясцовай і раённай улады, духавенства, школьнікі і дашкольнікі, іх настаўнікі і выхавальнікі. На мерапрыемства прыбылі старшыня Дзятаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане Алег Драгунскі, намеснік старшыні Дзятлаўскай арганізацыі афіцэраў Валянцін Абухаў.
Мітынг сваім выступленнем адкрыў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік.
— Страшны лёс Хатыні падзялілі шэсць вёсак нашага раёна — Вялікая Воля, Трахімавічы, Гарадкі, Дубраўка, Чарлёнка, Дубароўшчына. 1419 воінаў, нашых землякоў, на вярнуліся з франтоў вайны, — нагадаў трагічную гісторыю Аляксандр Міхайлавіч. Ён заклікаў заўжды шанаваць подзвіг суайчыннікаў у Вялікай Айчыннай вайне і павіншаваў прысутных з надыходзячым Днём Перамогі.
Да прысутных звярнулася старшыня Дварэцкага сельвыканкама Тамара Перапечына якая з жалем зазначыла, што на тэрыторыі Дварэцкага сельсавета не засталося жывых ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У 2016 годзе пайшлі з жыцця Мікалай Аляксандравіч Андура і Іван Мікалаевіч Бузук. Але, дадала яна, памяць пра ветэранаў і павага да подзвігу пераможцаў неўміручая, а значыць не парвецца повязь пакаленняў.
Памаліўся за загінулых у гады вайны і павіншаваў прысутных з надыходзячым святам ксёндз Віктар, настаяцель касцёла Божага цела аграгарадка Дварэц. Са словамі віншавання з надыходзячым Днём Вялікай Перамогі звярнуліся ўдзельніцы Дварэцкага савета ветэранаў працы, у іх выкананні прагучала песня “Дзень Перамогі”.
Дварэцкія школьнікі сустрэлі надыходзячую 72-ю гадавіну перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне тэатралізаванай мініяцюрай і пранікнёнымі вершамі саветскіх паэтаў. Разам з супрацоўнікамі Дварэцкага дома культуры, а таксама Марынай Варган і Ганнай Харлінскай прысутныя ўзгадалі вядомыя франтавыя і пераможныя песні.
Мітынг завяршыўся ўскладаннем вянкоў, гірляндаў і кветак да помніка воінам, загінулым у Вялікай Айчыннай вайне.
Н. АВЯРЧУК
Фота Н. АВЯРЧУК