Першы дзень вясны для дзятлаўчан выдаўся клапатлівым: на плошчы рыхтаваліся да сустрэчы Масленіцы, гараджане, як звычайна па выхадных, хадзілі па магазінах у пошуках неабходных тавараў, а каля Цэнтра культуры і народнай творчасці спынялася ўсё больш машын, бо на 1 сакавіка быў прызначаны Вясенні бал у Тызенгаўза.

У раённы турыстычны інфармацыйны цэнтр таксама завіталі госці – танцавальны аматарскі калектыў “Мінская зорка”, які прыехаў паўдзельнічаць у вясеннім балі. Перш чым атрымаць асалоду ад музыкі і танцаў, мінчане вырашылі пазнаёміцца з нашым горадам.

Часу ў калектыву было няшмат, таму для экскурсіі госці выбралі падарожжа з аўдыягідам. Як потым расказалі, з задавальненнем паслухалі цікавую інфармацыю пра Дзятлава. Вельмі былі ўражаны, што ў такім выдатным, па іх меркаванні, стане ў нашым райцэнтры захоўваецца мясцовы палац Радзівілаў. Мінчане выказалі спадзяванне, што нарэшце знойдзецца мецэнат, які зможа аднавіць гэты палац, а яны пасля вяртання гістарычнаму аб’екту былой велічы абавязкова закружаць у яго залах са сваім паказальным вальсам “Мінская зорка”.

Час экскурсіі сталічных жыхароў па Дзятлаве праляцеў хутка. Дзякуючы аўдыягіду яшчэ на шаснаццаць чалавек больш даведалася гісторыю нашага горада. Так на Дзятлаўшчыне пачалася турыстычная вясна сезона-2025.

Алена БОЙКА,

спецыяліст па турызме раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации