Веласіпедысты – супрацоўнікі дзятлаўскай міліцыі арганізавалі велапрабег з мэтай папулярызацыі здаровага ладу жыцця.

Міліцыянеры адправіліся ў дзіцячае аддзяленне “Баравічок” пры санаторыі “Радон”, дзе больш за 200 дзяцей сустрэлі новы навучальны год.

Кіраўнік “Баравічка” Уладзімір Мармыш разам з педагогамі правялі для наведвальнікаў экскурсію па “Баравічку”. Затым супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх паразмаўлялі са школьнікамі аб правілах паводзін і бяспекі ў грамадскіх месцах, паказалі тэматычны фільм і запрасілі на мясцовы стадыён, дзе дзяцей чакаў невялікі сюрпрыз.

Прадстаўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў Ігар Пачабыт і Аляксей Якімчык прадэманстравалі школьнікам свае прафесійныя прылады. Пасля гэтага ў хлопцаў і дзяўчат была магчымасць прымерыць міліцэйскія каскі, зладзіць дэфіле ў бронекамізэльках, разглядзець зброю. Таксама дзецям было цікава выпрабаваць адзін на адным сапраўдныя наручнікі, а для таго, каб пасядзець і нават пакатацца ў міліцэйскай машыне, некаторым прыйшлося набрацца цярпення і пастаяць у чарзе.

— У Дзень ведаў, дзякуючы такой акцыі, дзеці даведаліся шмат новага. Для іх гэта карысна. Калі дзеці прыязджаюць да нас у санаторый, мы расказваем ім аб правілах паводзін і бяспекі жыццядзейнасці, а сёння супрацоўнікі міліцыі нагадалі аб выкананні пэўных правілаў, каб захаваць сваё жыццё і сваё здароўе, — пракаментавала мерапрыемства намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяна Варган.
Пасля правядзення прафілактыкі для дзяцей міліцыянеры адправіліся на веласіпедах у горад, абяцаючы, што гэты велапрабег не апошні на Дзятлаўшчыне, і з такой акцыяй супрацоўнікі АУС будуць наведваць іншыя навучальныя ўстановы ў раёне.

У сустрэчы паўдзельнічала і першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Кацярына Хілімончык.

Ю. БАКУНОВІЧ.
Фота аўтара

About Author
administrator
View All Articles

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации