Святлана Аляксееўна Вінцукевіч працуе настаўнікам у Дварэцкай школе. У 2014 годзе яна заняла другое месца у рэспубліканскім конкурсе сярод настаўнікаў асноваў бяспекі жыцця.
Святлана Аляксееўна — яшчэ і таленавіты чалавек, майстар, які ўмее ствараць прыгажосць і вучыць гэтаму дзяцей. Яны наведваюць гурток “Мастацтва рукадзелля”.
Святлана Аляксееўна ў Дварэц прыехала з Любані, адкуль родам. Талент ствараць дэкаратыўную прыгажосць сваімі рукамі яна атрымала ў спадчыну ад сваёй мамы, якая ўмела ткаць, вышываць, у тым ліку і ў тэхніцы рышэлье.

Свой творчы шлях Святлана Аляксееўна пачала з работы з саломкай. Займалася ёю на працягу сямі гадоў, затым перайшла да асваення іншых дэкаратыўных тэхнік — канзашы, вышыўка стужачкамі, скрамбукінг.
Разам з юнымі наведвальнікамі гуртка “Мастацтва рукадзелля” Святлана Аляксееўна прымае ўдзел у шматлікіх творчых конкурсах. І па іх выніках — заўжды у ліку лепшых. Так, у мінулагоднім абласным конкурсе “Сонца, мама і кветкі” Святлана Аляксееўна заняла трэцяе месца.

Як педагог і творчы чалавек Святлана Аляксееўна абрала сваім дэвізам словы “Усе лепшае — дзецям”.
Як майстар, жанчына не спыняецца на дасягнутым, асвойвае новыя сферы дэкаратыўнага мастацтва. У перспектыве яна жадае навучыцца працаваць з такой дэкаратыўнай тэхнікай як джутавая філігрань.
Захапленне Святланы Аляксееўны падтрымлівае і яе сям’я. Гэта — муж і двое дзяцей — сын і дачка. Дарэчы, яна таксама як і мама валодае мастацтвам рукадзелля. Дэкаратыўнай творчасцю займаецца і нявестка Святланы Аляксееўны.
А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА