Праект “Мастак і горад” адкрыецца 27 красавіка на плошчы Якуба Коласа, паведамілі БЕЛТА арганізатары. Кожную вясну на працягу шасці гадоў запар выстава “Мастак і горад” адкрываецца на адной з цэнтральных плошчаў беларускай сталіцы і ўпрыгожвае яе на працягу чатырох месяцаў.
У бягучым годзе на экспазіцыі пад адкрытым небам будуць прадстаўлены работы 35 беларускіх жывапісцаў. Выстава стане адным з праектаў трыенале сучаснага мастацтва, што прэтэндуе на статус адной з важнейшых падзей беларускай мастацкай арт-сцэны і будзе прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння Марка Шагала.
Трыенале таксама будзе ўключаць выставу сучасных беларускіх мастакоў у Палацы мастацтваў і “Шорт-ліст” намінантаў конкурсу “Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва”. Упершыню такое мерапрыемства было праведзена ў Мінску ў 2014 годзе ў час чэмпіянату свету па хакеі.
Цяперашні праект “Мастак і горад” пройдзе пад назвай “Залатая калекцыя беларускага жывапісу”. Ніколі раней на плошчы Якуба Коласа не выстаўлялася такая колькасць мастакоў. Сярод удзельнікаў шостай выставы “Мастак і горад” такія аўтары, як Леанід Хобатаў, Уладзімір Савіч, Анатоль Бараноўскі, Руслан Вашкевіч, Зоя Літвінава і многія іншыя.
Работы на выставе належаць беларускім мастакам розных пакаленняў і творчых поглядаў. Менавіта таму экспазіцыя пад адкрытым небам на гэты раз асабліва шырока прадставіць наведвальнікам свет беларускага мастацтва. “Мастак і горад” – экспазіцыя работ пад адкрытым небам, якая дае магчымасць жыхарам Мінска, гасцям горада і краіны азнаёміцца бліжэй з выдатнымі сучаснымі беларускімі мастакамі. Выставачны праект праводзіцца ў сталіцы з 2012 года.
У рамках культурнай ініцыятывы жыхары і госці Мінска ўбачылі выставы, прысвечаныя творчасці знакамітых ва ўсім свеце беларускіх мастакоў, такіх як Марк Шагал, Казімір Малевіч, Мікалай Селяшчук і Валянцін Губараў.
Арганізатары выставы “Мастак і горад” – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. Генеральным партнёрам праекта ўжо на працягу многіх гадоў выступае банк ВТБ (Беларусь).
БелТА.