Пытанні фарміравання Усебеларускага народнага сходу і змяненняў у выбарчым заканадаўстве на мінулым тыдні сталі тэмай нарады ў Прэзідэнта.

Парламентам Рэспублікі Беларусь быў падрыхтаваны законапраект аб фарміраванні і паўнамоцтвах Усебеларускага народнага сходу, выбарчым заканадаўстве, дзе прадугледжана ўвядзенне адзінага дня галасавання. Канцэпцыя гэтага нарматыўнага дакумента прадстаўлена кіраўніку дзяржавы, і цяпер праходзяць грамадскія абмеркаванні.

Адной з першых у раёне сваімі думкамі наконт новага законапраекта падзялілася метадыст раённай бібліятэкі, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Марына Бортка, якая разам з яшчэ дзевяццю нашымі землякамі прадстаўляла Дзятлаўшчыну на VI Усебеларускім народным сходзе:

– Галасуючы за змяненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, нашы суайчыннікі прагаласавалі і за тое, каб Усебеларускі народны сход стаў канстытуцыйным органам. Цяпер новы законапраект павінен дакладна вызначыць яго ролю ў палітычнай сістэме краіны, паслядоўнасць вылучэння дэлегатаў і асаблівасці функцыянавання.

Чым важны для нашай дзяржавы Усебеларускі народны сход? Тым, што ён будзе выпрацоўваць стратэгію развіцця Беларусі, разглядаць актуальныя пытанні, якія наспяваюць у беларускім грамадстве і можа выконваць функцыю стабілізатара, каб не дапусціць якіх-небудзь небяспечных рашэнняў.

У нас сацыяльна арыентаваная дзяржава, усё ў нашай краіне робіцца для чалавека, каб яму камфортна жылося і працавалася. Менавіта такі шлях развіцця для беларусаў заклікана прадоўжыць УНС, які стане своеасаблівым органам народнай дэмакратыі. Гэта замацавана і ў новым законапраекце, дзе пазначана, што ў састаў УНС будуць уключацца не толькі першыя асобы дзяржавы, але і прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў з ліку кіраўнікоў мясцовых органаў выканаўчай улады, дэпутатаў розных узроўняў, лідары і актывісты канструктыўных грамадскіх аб’яднанняў, значыць, прадстаўлены будуць усе слаі грамадства.

Такім чынам, Усебеларускі народны сход стане адначасова канстытуцыйным органам і магутным органам народаўладдзя, рэальнага ўдзелу людзей у палітычным і грамадскім жыцці сваёй Айчыны. Мяркую, тым самым павышаецца і ступень дэмакратычнасці нашай дзяржавы, паколькі грамадзяне будуць цясней уцягнуты ў кіраванне ёю. Гэта ўдасканаленне самой дэмакратыі, узор, на які можна раўняцца сусветнай палітыцы.

Што тычыцца новага выбарчага заканадаўства, то яно прадугледжвае ўвядзенне адзінага дня галасавання. Значыць, выбары дэпутатаў мясцовых саветаў усіх узроўняў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі і фарміраванне УНС будуць праходзіць у рамках аднаго электаральнага цыклу, што будзе даволі зручна для простых грамадзян і значна зменшыць нагрузку на эканоміку.

Уцэлым, новы законапраект уключае ў сябе асноўныя прапановы, якія яшчэ раней былі выказаны на дыялогавых пляцоўках і ў час шматлікіх абмеркаванняў на розных узроўнях, таму, лічу, ён атрымаўся даволі змястоўным. Разам з тым, грамадскія абмеркаванні будучага нарматыўнага дакумента прадаўжаюцца, людзі могуць выказваць свае думкі, ацэньваць асноўныя яго палажэнні. Хочацца, каб закон аб УНС і выбарчым заканадаўстве, які будзе прыняты ў Беларусі, стаў дзейсным, зразумелым, функцыянальным, задаволіў асноўныя інтарэсы грамадзян, і ў нашай рэспубліцы па-ранейшаму панавалі мір, згода і дабрабыт.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации