У аграгарадку Вензавец прайшоў сельскі сход, у час якога абмеркавалі пытанні бяспекі жыццядзейнасці, папярэджанне пажараў і гібелі людзей на іх, іншыя надзённыя тэмы.

Начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык праінфармаваў прысутных аб пажарнай сітуацыі ў вобласці і раёне:

– З пачатку 2026 года на тэрыторыі Гродзенскай вобласці адбылося 424 пажары, на іх загінулі 39 чалавек. У Дзятлаўскім раёне зафіксаваны 21 пажар, загінулі 2 чалавекі ў горадзе Дзятлаве і вёсцы Разважжа. У ліку найбольш частых прычын – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні і бытавая халатнасць. Зараднае прыстасаванне, пакінутае ў разетцы, ненадзейны падаўжальнік і грэбаванне элементарнымі правіламі бяспекі могуць мець трагічныя наступствы.

Сяргей Сяргеевіч адзначыў, што надзейным абаронцам бяспекі ў доме з’яўляецца аўтаномны пажарны апавяшчальнік, прыклады яго станоўчай спрацоўкі пастаянна фіксуюцца ў аператыўных зводках. Начальнік аддзела адукацыі Марына Лашкоўская звярнулася да тэмы выхавання і бяспекі дзяцей. Нягледзячы на вялікую дзяржаўную падтрымку сем’яў, выяўлены факты сацыяльнага недабрабыту. У Дзятлаўскім раёне 81 дзіця з 30 сем’яў знаходзяцца ў сацыяльнага небяспечным становішчы, трое дзяцей з двух сем’яў часова жывуць у сацыяльна-педагагічным цэнтры.


Марына Яўгеньеўна акцэнтавала ўвагу на тым, што адпачынак і бяспека дзяцей у час летніх канікулаў – сфера адказнасці іх бацькоў. Аддзел адукацыі райвыканкама прапануе разнастайныя формы летняга адпачынку і занятасці, у час якіх школьнікі знаходзяцца пад кантролем педагогаў.

Начальнік АУС райвыканкама Вадзім Шчурскі расказаў аб злачынствах, якія ўчыняюцца на тэрыторыі раёна. Па-ранейшаму пераважная доля з іх – тэлефонныя і інтэрнэт-махлярствы. З кожным днём зламыснікі вынаходзяць усё новыя спосабы падману: прадстаўляюцца праваахоўнікамі, работнікамі сацыяльнай, газавай службы, электрычных сетак, прапануюць зрабіць уклад для павелічэння пенсіі. Вадзім Васільевіч заклікаў не ўступаць у перамовы па фінансавых тэмах па тэлефоне, не прымаць важных рашэнняў да ўдакладнення інфармацыі ў адпаведных службах.

Начальнік Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння Юрый Ганчар нагадаў прысутным аб мерах бяспекі пры карыстанні газам у побыце, правілах карыстання і тэрмінах эксплуатацыі газавага абсталявання, а таксама абавязковай перыядычнай праверцы яго і вентыляцыйных каналаў у кватэры.

Павышанымі фактарамі рызыкі летам становяцца не толькі вадаёмы, але і выкарыстанне электрапрыбораў у час хатняй работы. Аб гэтым расказаў інспектар энергагазінспекцыі Валянцін Касцюкевіч. Толькі за апошні год сумная статыстыка папоўнілася выпадкамі гібелі людзей на сваіх прысядзібных участках у час касьбы электракасой або адкачвання басейна электрычнай помпай.


Аб тым, якая дапамога аказваецца пажылым грамадзянам сацыяльнай службай раёна, якую частку клопатаў аб іх бяруць на сябе дзяржаўныя ўстановы, а што належыць выконваць дарослым дзецям, паведаміла спецыяліст па сацыяльнай рабоце цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Анастасія Аблажэй.

Вынік сустрэчы падвёў намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка:

– Бяспецы грамадзян удзяляецца пастаянная пільна ўвага, працуюць інфармацыйныя і рэйдавыя групы, даводзіцца інфармацыя, якая заўсёды будзе актуальная. Аднак трэба разумець, што пытанне бяспекі – асабістая справа кожнага з нас, і ў гэтых пытаннях дробязяў не бывае. Інтэрнэт-прастора становіцца небяспечнай не толькі з-за атак кібер-махляроў, але і з-за мэтанакіраваных спробаў дэстабілізацыі настрояў у нашым грамадстве замежнымі апанентамі. Для гэтай мэты ў несяброўскіх да нас краінах працуюць цэлыя службы. Наша задача ў гэтай сітуацыі – на любую інфармацыю глядзець крытычна і аб’ектыўна, не давяраць без доказаў, не ісці за навязанымі поглядамі, верыць у сябе, сваю справу, рэгіён, краіну.
Удзельнікі сельскага сходу атрымалі буклеты па пажарнай бяспецы.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga