Звонкі дзіцячы смех, песні, танцы, кранальныя ўспаміны. Урачыстасць з нагоды 40-гадовага юбілею адкрыцця адсвяткаваў дзіцячы сад № 2 горада Дзятлава.
Павіншаваць педагогаў і іх выхаванцаў прыйшлі намеснікі старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская і Дзмітрый Баравік, намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Умоўская, метадыст Дзятлаўскага раённага метадычнага кабінета Кацярына Гайдук, намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” Аляксей Урбановіч (тут працуе дашкольнае лясніцтва), былыя работнікі ўстановы, ветэраны педагагічнай працы, бацькі.
– Здаецца, сорак гадоў нямала, аднак наперадзе яшчэ шмат цікавага, – павітала прысутных Вольга Жэлезоўская. – За гэты час вы дасягнулі прафесіяналізму, поспехаў, выгадавалі сотні выдатных маленькіх беларусаў. Дзіцячы сад – не проста месца, куды матулі прыводзяць сыноў і дачок, гэта асяроддзе, дзе маленькі чалавек вучыцца сяброўству, пазнае свет, даведваецца, што такое Рэспубліка Беларусь, фарміруе патрыятычныя якасці. Шчыра дзякуем вам за гэта, жадаем працвітання, прафесіяналізму, фінансавага дастатку. Некалькі гадоў таму я і сама была мамай выпускніка вашай установы, прычым дзіця прывяла сюды ў паўтара гады. Сын атрымаў цудоўнае выхаванне, таму як мама адрасую вам самыя цёплыя словы ўдзячнасці.
Ад раённага выканаўчага камітэта Вольга Жэлезоўская ўручыла ўстанове грашовы сертыфікат на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Загадчыца Святлана Ус падзякавала за падарунак і зазначыла, што дзіцячы сад № 2 горада Дзятлава заўжды адчувае грунтоўную падтрымку раённай улады, без якой развівацца і дасягаць высокіх паказчыкаў калектыву было б складана.
У сапраўдную казку гасцей запрасілі педагогі і выхаванцы сада-юбіляра. У час падарожжа з “Алісай у краіне цудаў” прысутныя пагарталі старонкі гісторыі, узгадалі імёны былых кіраўнікоў установы і іх уклад у агульную справу па выхаванні падрастаючага пакалення. Гэта першая загадчыца Людміла Курто, якая адрасавала цяперашняму калектыву ліст-віншаванне, а таксама Вольга Новік, Святлана Шостак, Таццяна Курто, Кацярына Гайдук, Святлана Ус.
– Першы запіс у маёй працоўнай кніжцы зроблены тут, – падзялілася ўспамінамі былая метадыст установы Галіна Касцюк. – Кіраўніком тады была Людміла Курто. Мне далі ясельную групу – 33 дзіцяці. Было няпроста, але дапамагалі калегі. З гэтага калектыву я выйшла замуж, нарадзіла дваіх дзяцей. Мы былі дружныя, дапамагалі адзін аднаму, падтрымлівалі, удзельнічалі ў шматлікіх мерапрыемствах, у тым ліку гарадскіх. Пра тыя дні нагадваюць фотаздымкі ў альбоме, што берагу, а дзіцячы сад мне часта сніцца.
– Дарагія сябры, рада вас бачыць, – прадоўжыла ўспаміны былая загадчыца Святлана Шостак. – Сёлета споўнілася сорак гадоў маёй педагагічнай дзейнасці, а тут, на Дзятлаўшчыне, я стала кіраўніком, рэалізавалася як асоба. Гэту ўстанову ўзначаліла ў 33 гады. Жадаю сённяшнім педагогам дабра, міру, працвітання. Вы маеце асаблівую здольнасць – размаўляць з дзецьмі на мове пачуццяў, укладваць у іх дабро і любоў. Дзякуючы вам, маленькія грамадзяне нашай рэспублікі маюць тую базу, якую закладваеце. Няхай вашы выпускнікі праслаўляюць горад Дзятлава, дабрабыту вам, поспехаў.
– Пры мне ў дзіцячым садзе ўкараняліся камп’ютарныя тэхналогіі, – расказала былая намесніца загадчыцы Марына Янушкевіч. – Арганізоўваліся кругласутачныя летнікі для маленькіх выхаванцаў, мы актыўна займаліся пошукамі спонсараў для рамонтаў, педагогі пацвярджалі вышэйшую катэгорыю, публікавалі тэхналагічныя карты заняткаў у часопісе “Пралеска”. Гэта выдатны, цікавы вопыт, жадаю, каб вы яго паспяхова памнажалі.
Дзіцячы сад № 2 горада Дзятлава з юбілеем павіншавалі Таццяна Умоўская, Кацярына Гайдук, Аляксей Урбановіч. Яны падкрэслілі, што калектыў захоўвае лепшыя традыцыі, умела спалучае крэатыў і вопыт, педагогам пажадалі новых паспяховых праектаў і цікавых ідэй, а ўстанове – заставацца ўтульным і бяспечным домам для сотняў маленькіх дзятлаўчан, якія вучацца тут сябраваць, ствараць, любіць, жыць, быць годнымі грамадзянамі сваёй Айчыны.
Узнагароды аддзела адукацыі райвыканкама былі ўручаны загадчыцы Святлане Ус і калектыву дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава, выхавальнікам Марыне Янушкевіч і Алене Палюшэвіч, намесніцы загадчыцы па гаспадарчай рабоце Святлане Гайдук, памочніцы выхавальніка Ядвізе Мілейка, прыбіральшчыцы Леанідзе Трубко.
Да віншавальнай эстафеты з пажаданнямі і творчым нумарам далучыліся бацькі дзяцей, цёплыя словы прагучалі ад калегі “па цэху” – загадчыцы дзіцячага сада № і горада Дзятлава Алены Лазоўскай, члена прызідыума раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алесі Маркевіч, якая перадала ўстанове грашовы сертыфікат ад прафсаюза.
Цёплым момантам стала знаёмства з выставай ранейшых фотаздымкаў розных гадоў і новае сумеснае фатаграфаванне на памяць.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае
Лічбавізацыя дзяржаўных паслуг у Беларусі набірае абароты. Унікальны ідэнтыфікатар – той самы ключ, які адкрывае…
На базе Дзятлаўскай раённай бібліятэкі з удзелам спецыялістаў сферы нашай краіны і Расійскай Федэрацыі 26…
В центре внимания — подготовка к «Дажынкам-2027» и решение проблем жителей. Председатель Гродненского облисполкома Юрий…
24 ноября поступило сообщение об утонувшем мужчине 1957 года рождения в ручье Мостище вблизи п.…
4 декабря с 09.00 до 11.00 состоится прямая телефонная линия с председателем суда Дятловского района…
Перыяд збору ўраджаю завершаны, узнагароджаны лепшыя з лепшых лідары сельскагаспадарчых дасягненняў. Святочным акордам і словамі…