На Дзятлаўшчыне прынята не толькі гаварыць аб пераемнасці пакаленняў, але і рабіць упэўненыя крокі ў гэтым напрамку.

Так, малады парламентарый нашага раёна Ангеліна Мазура выказала пажаданне сустрэцца з сенатарам Андрэем Жамойда, які праводзіў асабісты прыём у Дзятлаве.

Андрэй Пятровіч ахвотна адгукнуўся на прапанову, тым больш што абмеркаваць маладому і вопытнаму палітыкам было што.

 

У кастрычніку педагог-дэфектолаг Хвінявіцкай сярэдняй школы прадставіла наш раён у саставе дэлегацыі Гродзенскай вобласці на першым пасяджэнні моладзевага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь трэцяга склікання з удзелам Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай.

Ангеліна Аляксандраўна падзялілася, чым жыве і як працуе педагог у сельскай мясцовасці, планамі на бліжэйшую будучыню і інавацыйнымі праектамі, які ўдзел моладзь Дзятлаўшчыны прымае ў электаральнай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Са свайго боку парламентарый расказаў пра нюансы работы дэпутацкага корпусу, з якімі пытаннямі  прыходзяць на прыём грамадзяне, нагадаў пра высокую адказнасць палітыкаў перад беларускім народам.

Размова ішла не толькі ў рэчышчы прафесійнай дзейнасці: пачынаючы і вопытны палітыкі паразмаўлялі пра чалавечыя каштоўнасці, краявіды Дзятлаўшчыны і культурныя мерапрыемствы, якія ладзяцца ў раёне.

– Вельмі рады, што на Дзятлаўшчыне ёсць такая актыўная і ініцыятыўная моладзь. Поспехаў вам у прафесійнай дзейнасці, упэўненых крокаў і смелых рашэнняў у рабоце парламентарыя, – адзначыў Андрэй Пятровіч. – Дзяржава робіць вельмі шмат для таго, каб таленавітая моладзь атрымала трывалы трамплін у жыццё і кар’еру. Аднак папрашу вас не забываць словы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што жанчыны і дзеці – гэта прыярытэт прыярытэтаў. Шчыра жадаю вам знайсці свой лёс, стварыць сям’ю і спазнаць найвялікшае шчасце мацярынства.

Ангеліна Мазура падзялілася ўражаннямі ад сустрэчы з сенатарам:

– Я была ўдзячна магчымасці асабіста сустрэцца з Андрэем Жамойдам. У размове адчувалася, што ён сапраўды жадае дапамагчы людзям і палепшыць іх жыццё. Асабліва мяне ўразіла, як ён расказваў пра сваю работу. Андрэй Пятровіч быў добразычлівым і адкрытым, выказаў гатоўнасць супрацоўнічаць і дапамагаць у вырашэнні пытанняў, якія ўзнікнуць у працэсе маёй дзейнасці парламентарыя. Ад гэтай сустрэчы засталіся толькі станоўчыя эмоцыі і ўражанні.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее
#нашалепшае

Похожие публикации