Здаецца, нічым сярод іншых не вылучаецца гэта хата ў вёсцы Пенчыцы, калі толькі вялікім кветнікам перад фасадам, дзе нават напрыканцы верасня не перастаюць красаваць і радаваць вока прахожых рознакаляровыя кветкі – гонар і даўняе захапленне 90-гадовай гаспадыні Ганны Кармільчык.

Менавіта да яе ў юбілейны дзень нараджэння завітаў праект “Глыбінкай жыве Беларусь”, які рэалізоўвае сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Ганна Баляславаўна з дачкой Валянцінай сустрэлі гасцей на парозе, каб не мерзлі, імянінніца настойліва запрасіла артыстаў прайсці ў хату. Ірына Бакшук, Марына Варган, Іван Кашко з удзячнасцю прынялі запрашэнне. З гукамі гармоніка пакоі напоўніла ўрачыстая, святочная атмасфера. Вясёлыя песні і душэўныя пажаданні моцнага здароўя, цяпла ад блізкіх людзей, прыемных вестак, ладу і дабрабыту – усё гэта расхвалявала імянінніцу, нагадала ёй былыя гады. Варта адзначыць, што Ганна Баляславаўна раней была частай удзельніцай вясковых святаў: як умелую паварыху і кулінарку, гаспадары заўсёды клікалі яе на дапамогу. Смачныя духмяныя пірагі, дамашні хлеб, разнасолы, стравы з мяса і птушкі – якіх толькі рэцэптаў не ведала Ганна Кармільчык. Як у дбайнай гаспадыні, усё ў яе атрымлівалася хутка і прыгожа. Вось такім талентам надзяліла прырода гэту сціплую жанчыну, а ёй проста хацелася радаваць блізкіх і знаёмых смакатой са звычайных вясковых прадуктаў, якія заўсёды ёсць пад рукамі.

Сваё маленства Ганна Баляславаўна называе “галодным і халодным”, бо нарадзілася ў беднай сялянскай сям’і, дзе гадаваліся чацвёра дзяцей – старэйшы брат Браніслаў і яна з сёстрамі Леакадзіяй і Марыяй. Яе бацькі Баляслаў Міхайлавіч і Соф’я Самуілаўна Андруцэвічы былі дробнымі землеўладальнікамі, пазней уступілі ў калгас. Асабліва цяжка жылося ў ваенныя гады, тым не менш, калі ў вёску прыходзілі партызаны, дапамагалі, чым маглі.

Бацька Ганны памёр рана, таму дзяўчыне давялося замест вучобы ў школе працаваць на торфанарыхтоўцы – радовішча было каля былога маёнтка Жыбартоўшчына. Прачыналася на досвітку, калі выганялі ў поле кароў – ішла на работу, толькі праз два гады змагла сабраць грошай на веласіпед, а ўсяго на торфаздабычы адпрацавала 9 гадоў. Працэс нарыхтоўкі быў наступны: мужчыны “наразалі” брыкеты, складвалі іх на ваганеткі, а жанчыны прасушвалі торф і пераварочвалі. Менавіта за работай Ганну “прыгледзеў” яе будучы муж Іван Кармільчык, родам таксама з Пенчыц, але з другога канца вёскі.

Калі выходзіла замуж, многія здзіўляліся, а хто і зайздросціў: сірата трапіла ў заможную сям’ю, да мясцовых інтэлігентаў (бацька мужа быў вясковым настаўнікам). З выбарам лёсу Ганна Баляславаўна не прагадала: з мужам пражылі душа ў душу 59 гадоў, адсвяткавалі залатое вяселле, на жаль, родны чалавек літаральна некалькі месяцаў не дажыў да новага сямейнага юбілею. Усе гады сумеснага жыцця Іван Канстанцінавіч называў сваю Ганну не інакш як “маё золата”, цаніў і шанаваў яе. Разам перажылі шмат светлых дзён, выгадавалі прыгажуняў-дачок Валянціну, якая жыве ў Гродне і працуе бухгалтарам, і Ірыну, якая жыве ў Літве, працуе прадаўцом. Ганна Баляславаўна – шчаслівая бабуля 4 унукаў і 3 праўнукаў.

– Цяпер жыць стала значна лягчэй, у людзей усё ёсць, – зазначае юбілярка.

Сярод сакрэтаў свайго даўгалецця яна называе здаровы, без шкодных звычак, лад жыцця і прыхільнасць да дамашніх чаёў з лекавых зёлак.

І цяпер, у свае шаноўныя 90 гадоў Ганна Баляславаўна стараецца заставацца актыўнай, больш рухацца, не сядзець без справы. Сама вырошчвае вакол дома кветкі, даглядае невялікі агарод. Любіць узяцца за рукадзелле: на спіцах вяжа абноўкі для блізкіх людзей, кручком – яркія рознакаляровыя дыванкі, якія ўпрыгожваюць інтэр’ер яе дома. Сярод былых работ майстрыхі – саматканыя пакрывалы, абрусы, ручнікі, вышыванкі.

Сям’я Кармільчыкаў заўсёды была яшчэ і хлебасольнай, любіла па святах збірацца разам. Сярод каронных страваў гаспадыні – белы аўсяны кісель, галубцы, катлеты, мяса, запечанае ў чыгунку.

Кулінарныя ўменні, жыццёвую мудрасць і найлепшыя якасці характару Ганна Баляславаўна пастаралася перадаць сваім дочкам, вучыла іх быць годнымі, працавітымі людзьмі.

Сучаснай моладзі 90-гадовая юбілярка таксама жадае моцнага здароўя, любіць, паважаць і цаніць адзін аднаго, старанна працаваць, асцерагацца дрэнных звычак і каб на Зямлі панавалі мір і згода.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации