Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што беларускі народ не даруе ўладзе, калі не будзе забяспечана бяспечнае жыццё ў краіне і суверэнітэт. Аб гэтым ён заявіў сёння на пасяджэнні Савета бяспекі па пытанні разгляду Ваеннай дактрыны Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
“У любога народа, тым больш нашага, беларускага, да ўлады заўсёды былі і ёсць прэтэнзіі: і цэны высокія, і мяса, малака мала або шмат, і шмоткі не такія, як імпартныя, і зарплаты, і пенсіі невысокія, агароджы зламаліся, дахі прадзіравіліся, снег не прыбрала ўлада з вуліц, машыны не ачысціла своечасова і г.д. І з цягам часу гэтыя прэтэнзіі адыдуць, яны проста забудуцца, або народ, як гэта заўсёды бывае, уладзе даруе. Але не даруе аднаго – калі мы яму не забяспечым бяспеку і абарону суверэнітэту і незалежнасці краіны. Вось тады ні шмоткі, ні мяса, ні малако – нічога не трэба будзе, калі не будзе кавалка зямлі, на якім будуць жыць нашы дзеці і ўнукі, – сказаў Прэзідэнт. – Таму, калі застанецца апошні рубель у бюджэце або кішэні дзяржаўнай, то патраціць яго трэба на бяспеку нашага народа, на бяспечнае жыццё народа. Гэта галоўнае”.
У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў Украіну. “Спытайце сёння ў любога ўкраінца, які жыве там, не толькі ў Данецку, Данбасе, Луганску: што для іх галоўнае. Бо ў іх і жыцця ж фактычна няма, з пункту гледжання нашага народа. Там ніхто ўжо не гаворыць пра цэны, пра мяса, пра валюту, пра курс і г.д. Там усе мараць аб тым, каб ад іх усе адсталі і ў краіне была нармальная сітуацыя, каб быў мір. Усё астатняе, як кажуць украінцы, мы знойдзем самі, сваёй працай”, – адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
“Таму, чаго б нам гэта ні каштавала, нам трэба захаваць мір на нашай зямлі, забяспечыўшы бяспечнае жыццё нашага народа і абараніўшы той кавалак зямлі, які дастаўся нам у спадчыну”, – падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.