Пасля спакойнага мінулагодняга сезона юныя хакеісты дзятлаўскай каманды “Алмаз” вярнуліся на найвышэйшую прыступку п’едэстала фінальных спаборніцтваў Гродзенскай вобласці сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Малодшы састаў “Алмаза” стаў чэмпіёнам ва ўзроставай групе сярод юнакоў 2011-2013 гадоў нараджэння і малодшых, старэйшыя алмазаўцы заваявалі бронзу ў групе хакеістаў 2009-2010 гадоў нараджэння.

Юныя дзятлаўчане правялі прыгожую гульню і ў напружанай барацьбе вырвалі сваю дзясятую юбілейную пуцёўку на рэспубліканскую “Залатую шайбу”. Яны перамаглі каманды Слонімскага раёна (1 : 0), Шчучынскага (3 : 2), Смаргонскага (3 : 1). Другое месца ў каманды Смаргонскага раёна, трэцяе – у зборнай Слонімскага раёна.

– Прапусціўшы на пятай секундзе гульні шайбу ад смаргонцаў, нашы юныя хакеісты змаглі сабрацца і адказаць упэўненымі трыма шайбамі. Гэта валявая перамога вырашыла лёс усяго турніру, – расказаў трэнер Дзмітрый Ёда.

Лідарам старэйшай групы і ўладальніцай пуцёўкі на рэспубліканскі этап стала зборная Смаргонскага раёна, другое месца ў шчучынцаў, у дзятлаўчан – упэўненая бронза.

Лепшым бамбардзірам абласнога этапу “Залатой шайбы” стаў капітан малодшага і старэйшага саставаў каманды “Алмаз” Мікіта Санюк, забіўшы ў агульным заліку ў дзвюх групах 21 шайбу. У малодшай групе найбольш выніковымі былі Уладзіслаў Славіцкі (4 шайбы), Раман Венско (2 шайбы), Мацвей Іванчык і Аляксандр Харошка (па 1 шайбе). У старэйшай групе вызначыліся Віталь Місцюкевіч (4 шайбы), Сяргей Лішык (3 шайбы), Мацвей Іванчык і Уладзіслаў Славіцкі (па 2 шайбы), Яўген Макарчык і Кірыл Іваноў (па 1 шайбе).

Сёлета абодва саставы “Алмаза” ўкамплектаваны навучэнцамі сярэдніх школ № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурыла і № 3 імя І. Ю. Філідовіча, гімназіі № 1 горада Дзятлава, Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна, Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук і Хвінявіцкай сярэдняй школы.

– Рэспубліканскі этап спаборніцтваў “Залатая шайба” пройдзе на Мінск-Арэне ў сталіцы ў сакавіку, Гродзенскую вобласць у малодшай узроставай групе прадставіць дзятлаўская каманда “Алмаз”, – расказаў Дзмітрый Казіміравіч. – На рахунку каманды за апошнія дзевяць гадоў шэсць кубкаў пераможцаў “рэспублікі”, два серабра і адна бронза. Вялікі дзякуй усім, хто ў нас верыць і падтрымлівае, бацькам хакеістаў, балельшчыкам. Прадаўжаем хакейныя традыцыі раёна, будзем і далей праслаўляць Дзятлаўшчыну на лядовых арэнах.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашалепшае #нашелучшее

About Author
administrator
View All Articles

Похожие публикации