З 1 чэрвеня на базе Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі адкрыў дзверы выхаваўча-аздараўленчы летнік з дзённым знаходжаннем “Вектар”.

Першыя дні былі напоўнены ўрачыстым настроем. Дзеці з задавальненнем далучыліся да герояў студыі роставых лялек “Яркае свята для ўсіх” і паўдзельнічалі ў забаўляльнай праграме “Лета – гэта свята дзяцінства”. Не менш цікавымі аказаліся экскурсія ў сярэднюю школу № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча і занятак “Запрашае медны самавар” у Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі, карысным – інтэрактыўнае навучанне “Каб небяспекі пазбегнуць, будзем правілы захоўваць” з супрацоўнікамі раённай арганізацыі АСВОД.




Цікавінкай захапляльнага свята адкрыцця змены ў фармаце квэста была сустрэча з кіраўніком летніка Ірынай Мішчанка, якая паўстала перад дзецьмі ў вобразе харызматычнага гнома Шустрыка, падарыўшы прысутным мора пазітыўных эмоцый.

У рамках праграмы летніка адпачывальнікі наведалі аддзел унутраных спраў райвыканкама і сустрэліся з інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх Арынай Грыб, а педагогі сацыяльна-педагагічнага цэнтра правялі для іх гульню “Не! Сучаснаму рабству”.




Яшчэ адзін тэматычны дзень у “Вектары” пачаўся з інфармацыйнага дасье “Бяспечныя канікулы – паўтараем правілы дарожнага руху”, у час якога супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі нагадалі аб правільных паводзінах на дарозе. Прадоўжылі тэму выступленне работнікаў РАНС у рамках акцыі “Бяспечныя канікулы” і паход у кінатэатр “Спадарожнік” на кінасеанс.

Усе пазнавальныя і карысныя сустрэчы былі арганізаваны для наведвальнікаў летніка старшым выхавальнікам Анжэлай Грыб і педкалектывам, якія спадзяюцца, што “Вектар” стане для дзяцей сапраўдным цэнтрам развіцця, аздараўлення і яркіх летніх прыгод.
Падрыхтавала Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае