Праз некалькі дзён пачынаецца лета, а з ім і школьныя канікулы. На Дзятлаўшчыне шмат зроблена, каб для навучэнцаў яны прайшлі цікава і актыўна.
Што чакае хлопчыкаў і дзяўчынак у бліжэйшыя тры месяцы, расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Алена Гарановіч:
– Сфарміравана сетка аздараўленчых летнікаў усіх тыпаў, мяркуецца, што іх адпачывальнікамі стануць 1130 навучэнцаў. Ва ўсіх 12-ці ўстановах адукацыі, а таксама Дзятлаўскіх раённых цэнтрах карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі будзе арганізавана работа 20-ці летнікаў дзённай формы знаходжання для 920 дзяцей, 19 з якіх выхаваўча-аздараўленчыя (у тым ліку 5 працы і адпачынку), адзін спартыўна-аздараўленчы. Яшчэ 210 школьнікаў прымуць 9 кругласутачных (7 палатачных, 2 стацыянарныя) выхаваўча-аздараўленчых летнікаў.
У выхаваўча-аздараўленчых, якія арганізуюць установы агульнай сярэдняй адукацыі раёна, адпачнуць 985 дзяцей, у спартыўна-аздараўленчым Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы – 145.
Дзённыя летнікі працы і адпачынку адчыняць свае дзверы для 80 падлеткаў, старэйшых за 14 гадоў, у Гезгалаўскай сярэдняй школе імя М. І. Нядзеліна, сярэдніх школах горада Дзятлава № 3 імя І. Ю. Філідовіча і № 1 імя А. М. Чурылы, Казлоўшчынскай сярэдняй школе, гімназіі № 1 горада Дзятлава. Занятасць будзе арганізавана на базе КСУП “Жукоўшчына” і “Войневічы” ў другой дэкадзе чэрвеня.
У сямі кругласутачных палатачных летніках на базе ўстановаў адукацыі турысцкую рамантыку адчуюць 145 аматараў актыўнага адпачынку. Кругласутачныя змены будуць профільнымі: пяць – ваенна-патрыятычных, дзве – турысцка-краязнаўчыя, па адной – натуральна-навуковай і эколага-біялагічнай.
Атрады дзённага спартыўна-аздараўленчага летніка Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы будуць знаходзіцца на базе трох установаў адукацыі: першай і трэцяй школ райцэнтра і Казлоўшчынскай сярэдняй школы.
Будуць адпачываць юныя дзятлаўчане і ў абласных аздараўленчых летніках з кругласутачным знаходжаннем “Блакітная хваля”, “Навука”, іншых.
У час летняй кампаніі аздараўленне пройдуць 30 дзяцей-сірот і 13 дзяцей-інвалідаў.
– Ці змогуць старэйшыя школьнікі знайсці работу па-за летнікамі працы і адпачынку?
– Працаўладкаваць з аплатай ад цэнтра занятасці мяркуецца 126 непаўналетніх: у чэрвені-ліпені 85 чалавек, у жніўні – 41. Працоўныя брыгады будуць функцыянаваць на базе школ раёна. Байцамі студэнцкіх атрадаў ГА “БРСМ” стануць 120 старшакласнікаў, а для 36 падлеткаў запланавана індывідуальнае працаўладкаванне. Усяго ў раёне плануецца працаўладкаваць з атрыманнем заробку 362 непаўналетнія (51 % ад агульнай колькасці старэйшых за 14 гадоў).
Ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі будуць арганізаваны працоўныя брыгады па добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі і рамонце кніг для 250 навучэнцаў. Навучэнцы 5-8 класаў (664 чалавекі) летам пройдуць працоўную практыку.
Акрамя гэтага, будуць функцыянаваць гурткі і аб’яднанні па інтарэсах розных профіляў, тэматычныя пляцоўкі, цікавыя формы арганізацыі вольнага часу падрыхтавалі для дзяцей і моладзі ўстановы культуры раёна. Усяго ў летні перыяд плануецца ахапіць 97,2 % непаўналетніх раёна.
– Якія словы хацелі б адрасаваць бацькам юных жыхароў раёна?
– Каб летняе аздараўленне і адпачынак прайшлі з карысцю і пакінулі толькі станоўчыя ўражанні, педагогамі і адказнымі службамі раёна максімальная ўвага надаецца пытанням бяспекі. Папрашу і бацькоў, бабуляў, дзядуляў, іншых дарослых таксама аб гэтым паклапаціцца. Паважаныя дарослыя, спыняйце любыя небяспечныя дзіцячыя гульні і ўчынкі, выпадковымі сведкамі якіх становіцеся. Дапамажыце дзецям карысна ў летніках, працоўных і студэнцкіх атрадах, на занятках па інтарэсах і ў секцыях правесці канікулы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#образование