На пасяджэнні савета аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама былі падведзены вынікі работы аддзела, установаў адукацыі раёна за 2016 год, акрэслены задачы на 2017 год.
Асноўныя задачы, пастаўленыя перад сістэмай адукацыі раёна, і мэтавыя паказчыкі Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і моладзевая палітыка на 2016-2020 гады” ў 2016 годзе былі выкананы. Па выніках раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы ўстановаў адукацыі вызначаны і ўзнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі калектывы-пераможцы. Сярод установаў дашкольнай адукацыі лепшым прызнаны Гезгалаўскі яслі-сад (загадчыца С. Р. Гурская), на другім месцы — Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №2 горада Дзятлава (загадчыца С. В. Ус), на трэцім — яслі-сад №1 горада Дзятлава (загадчыца А. І. Лазоўская).
Сярод вучэбна-педагагічных комплексаў “дзіцячы сад-школа” перамогу атрымаў калектыў Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы (дырэктар Г. І. Франюк), другімі сталі педагогі Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы (дырэктар М. А. Доўгач), трэцімі — Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы (дырэктар В. А. Палуносік).
Сярод установаў агульнай сярэдняй адукацыі ў лідарах Наваельнянская сярэдняя школа (дырэктар М. Я. Лашкоўская), другое месца — у гімназіі №1 горада Дзятлава (дырэктар І. І. Гецэвіч), трэцяе — у сярэдняй школы №1 горада Дзятлава (дырэктар А. М. Пацыновіч).
Работа па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і моладзевая палітыка на 2016-2020 гады” будзе прадоўжана. Вызначаны асноўныя накірункі дзейнасці педагогаў. Сярод задачаў на 2017 год — павышэнне якасці ведаў, узроўню прадметнага выкладання, забеспячэнне якаснай падрыхтоўкі да алімпіядаў і конкурсаў даследчага характару, цэнтралізаванага тэсціравання. Паспяхова справіцца з пастаўленымі задачамі дапаможа выкарыстанне ў навучальным працэсе мабільных прыстасаванняў асабістага карыстання, правядзенне факультатыўных, падтрымліваючых, стымулюючых заняткаў, у тым ліку ў шосты школьны дзень. Задачы будуць вырашацца і праз арганізацыю на трэцяй ступені адукацыі работы профільных класаў і групаў, аказанне платных адукацыйных паслугаў, работу рэпетытарскага цэнтра на базе гімназіі №1 горада Дзятлава.
Таксама ў 2017 годзе намаганні педагогаў будуць скіраваны на павышэнне якасці прафілактычнай работы па недапушчэнні або своечасовым прызнанні дзяцей, маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, арганізацыю міжведамаснага супрацоўніцтва па ўхіленні прычын сямейнага недабрабыту. За кошт правядзення інфармацыйна-тлумачальнай работы па развіцці замяшчальных сем’яў, падрыхтоўцы кандыдатаў у прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі мяркуецца павысіць да 100% паказчык уладкавання зноў выяўленых дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
Будзе актывізавана індывідуальная прафілактычная работа па фарміраванні прававой свядомасці і прававой культуры, ролі сям’і ў фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыця праз арганізацыю індывідуальных і групавых практычных заняткаў, рэалізацыю праектаў.
Пашырыцца экскурсійная дзейнасць. Перад педагогамі стаіць задача за кошт раённага праекта “Свет школьных музеяў” забяспечыць наведванне адным навучэнцам не менш чатырох памятных мясцінаў у Рэспубліцы Беларусь.
Запланавана праводзіць работу па папулярызацыі беларускай мовы і пашырэнні сферы яе ўжытку ў сістэме адукацыі раёна. У прыватнасці — адкрываць класы, групы з беларускай мовай навучання ў гарадскіх установах адукацыі.
На базе сярэдняй школы №3 горада Дзятлава, Наваельнянскай і Казлоўшчынскай сярэдніх школ пачнуць працаваць апорныя ўстановы па павышэнні якасці дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі навучэнцаў.
Заняткі з вучнямі будуць праводзіць педагогі, якія маюць вайсковыя званні.
Будзе прадоўжана аптымізацыя адукацыйнай сеткі раёна і работа па напаўняльнасці класаў да 30 чалавек, аб’яднанняў па інтарэсах — да 15 чалавек.
Таксама пастаўлена задача папаўнення вучэбна-метадычнай базы ўстановаў адукацыі Дзятлаўшчыны праз прыцягненне як бюджэтных, так і пазабюджэтных і спонсарскіх сродкаў, работу апякунскіх саветаў.
Падрыхтавала да друку І. КАЎКЕЛЬ