У гэтым запэўнілі спецыялісты ААТ “Граніт-Агра”, дзе поўным ходам ідзе ўборка гэтай сельгаскультуры на корм, а днямі пачалі ўбіраць і на насенне.

– Агульная плошча пасеву кукурузы сёлета ў нашай гаспадарцы складае 2100 гектараў: 1050 на зерне і столькі ж – на сілас, – расказала галоўны аграном ААТ “Граніт-Агра” Алена Майсейчык. – На сёння ўбралі больш за 700 гектараў на сілас, на зерне – 67 гектараў. На работах задзейнічаны пяць камбайнаў, два з іх  кормаўборачныя, таксама аўтамабілі МАЗ з прычэпам для адвозкі зялёнай масы і зерня кукурузы.

– Ці ўрадзіла кукуруза?

– Ураджай някепскі, праўда, чакаецца меншы за мінулагодні. Паўплывалі вясновыя маразы, што амаль знішчылі культуру, якую даводзілася “рэаніміраваць”. Частку кукурузы дасеялі ў больш познія тэрміны, таму таксама не паспела ўвайсці ў сапраўдную сілу. Тым не менш, план выконваем, сабранага ўраджаю кукурузы хопіць для ўсіх патрэбаў нашага сельгаспрадпрыемства і рэалізацыі.

На ўборцы кукурузы на корм працуе механізатар Дзмітрый Бандарэнка на сваім камбайне КВК-800:

– Гэтай культуры пасеяна шмат – лічыце, ад Навагрудка да Слоніма палеткі, так што работы хапае. Ужо месяц на ўборцы тут, на першым участку. На такіх работах памочнік камбайнера не прадугледжаны, спраўляемся кожны самастойна. Кукуруза сёлета дастойная, ужо падсохла ад начных маразоў, зрэзваецца лягчэй.

За плячамі ў вопытнага аграрыя – тры дзесяцігоддзі работы ў сельскай гаспадарцы, і ўжо без малога дваццаць гадоў займаецца ўборкай кукурузы.

– Чаго пажадаеце сабе і сваім калегам, якія працуюць у полі?

– Здароўя, удачы, і каб часцей прыходзіла да нас маладое папаўненне, каму можна перадаць вопыт.

Зусім непадалёку ідзе ўборка кукурузы на насенне, тут працуе адзін з самых бывалых камбайнераў нашага раёна Уладзімір Чарняўскі. Толькі нядаўна ён разам з сынам скончыў жніво збожжавых культур, быў узнагароджаны за дасягненне тысячнага рубяжа, а сёння ўжо малоціць кукурузу. Працуе ў сельскай гаспадарцы з 1978 года, з дзясятак гадоў убірае гэтую культуру.

– Як тэхніка, не падводзіць? – пытаю ў механізатара.

– Мой ветэран – не роўня новым, дваццаць чацвёрты сезон служыць мне верай і праўдай, – з любоўю расказвае  пра свой Джон Дзір мужчына. – Усё, што трэба, у ім ёсць: зручная сістэма кіравання, кандыцыянер. Заробкам не крыўдзяць: як папрацуеш – так і атрымаеш.

Тым часам на тэрыторыі мехдвара прадпрыемства поўным ходам рухаецца працэс плюшчэння кукурузы, якая зімой будзе выкарыстана на корм жывёле. Нягледзячы на тое, што ў рабоце заняты адразу дзве адзінкі тэхнікі, з імі спраўляецца механізатар, таксама нядаўні ўдзельнік жніва-2025 Міхаіл Дубешка. Вальцавы млын з упакоўшчыкам “Murska 1400” на базе трактара Беларус-1221 ён па-свойску заве Муркай. Сам на амкадоры загружае зерне ў агрэгат і кантралюе працэс па прыборах. Гэта яго першы сезон на такім відзе работ, ставіцца да працэсу з усёй адказнасцю.

Механізатар расказвае, якія сельгасработы яшчэ чакаюць сёлета:

– Скончу з плюшчэннем і вярнуся да ворыва. Будзем паднімаць зябліва, каб вясной было менш работы.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #АПК #сельское хозяйство

About Author
administrator
View All Articles

Похожие публикации