Кажуць, што чалавека вызначае тое, як ён ставіцца да жывёлін.

Аднак бязмерная і бяздумная, а галоўнае – непаслядоўная любоў і шкадаванне да братоў нашых меншых можа звярнуцца для іншых людзей нязручнасцямі і небяспекай. “Мы адказваем за тых, каго прыручылі”, – гаворыць нам Сент-Экзюперы. Дзяржава дадае: за тых, каго прыручылі, мы адказваем перад людзьмі і законам.

З пытаннямі прававога рэгулявання адносінаў у сферы абыходжання з хатнімі і дзікімі жывёлінамі карэспандэнтка газеты “Перамога” звярнулася да прадстаўнікоў зацікаўленых службаў раёна.

Андрэй Юшкевіч, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Дзятлаўскага райвыканкама:

– Першае, што рэгулюецца заканадаўствам, гэта месцы выгулу хатніх жывёлін. Большасць паведамленняў ад жыхароў раёна мы атрымліваем па фактах нанесенай шкоды ў выніку знаходжання хатніх жывёлін у недапушчальных для гэтага месцах. Ёсць шэраг забаронаў, пра якія гаспадарам гадаванцаў (асабліва сабак), трэба памятаць. Нельга выгульваць сабак (асабліва патэнцыйна небяспечных парод) дзецям; нельга прыводзіць жывёлін у аб’екты грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, гандлёвыя аб’екты, навучальныя ўстановы, грамадскія будынкі, паркі, скверы і на стадыёны (дзе, дарэчы, многія любяць ажыццяўляць несанкцыяваны выгул сабак). Таксама гаспадарам варта сачыць за месцазнаходжаннем сваіх хатніх гадаванцаў. На жаль, нярэдкія сігналы, калі, сабака пакінуў свой падворак і напалохаў грамадзян або пакусаў, або нанёс шкоду хатняй птушцы, маёмасці. Такія факты разглядае адміністрацыйная камісія Дзятлаўскага райвыканкама або суд (у выпадку, калі нанесена шкода маёмасці або здароўю грамадзян). Па кожным з такіх правапарушэнняў прызначаецца адміністрацыйнае пакаранне – ад папярэджання да штрафу. Напрыканцы хачу яшчэ раз нагадаць жыхарам раёна, што за сваіх гадаванцаў у адказе толькі яны самі.

Віктар Дзедуль, намеснік дырэктара Дзятлаўскага РУП ЖКГ:

– Адной з функцый жыллёва-камунальнай гаспадаркі з’яўляецца адлоў бадзяжных жывёлін, мы пастаянна атрымліваем сігналы аб небяспецы для людзей і рэагуем на іх. У гэтай сувязі хачу нагадаць, што варта зрабіць грамадзянам, каб не страціць гадаванцаў, якія выпадкова пакінулі жыллё. Усіх хатніх жывёлін гаспадары не проста маюць права, а абавязаны рэгістраваць у Дзятлаўскім РУП ЖКГ. Пры рэгістрацыі выдаецца пасведчанне, памятка па ўтрыманні жывёлін і жэтон, які змяшчаецца на ашыйнік у гадаванца. Калі гэта сабака байцоўскай пароды (даберман і падобныя), гаспадары павінны папярэдне прайсці навучанне ў кіналагічным цэнтры. Хачу падкрэсліць, што жыллёва-камунальная гаспадарка не мае ў сваім распараджэнні месцаў для ўтрымання катоў і сабак. Таму, на жаль, з адлоўленымі ў час рэйдаў жывёлінамі праводзіцца эўтаназія. Калі знаходзяцца грамадзяне, гатовыя забраць да сябе адлоўленых жавёлін і даглядаць іх, мы не адмаўляем у гэтым. Рэдка, але ўсё ж звяртаюцца да нас са скаргамі па пытаннях утрымання катоў. Вырашаем такія спрэчкі ў індывідуальным парадку, пры ўдзеле камісіі: калі хатнія жывёліны не зарэгістраваны, гаспадары караюцца па законе. Пераканаўча прашу грамадзян сумленна і адказна ставіцца да ўтрымання хатніх жывёлін: пасяляючы ў жыллі (асабліва ў кватэры) новых гадаванцаў, варта рэальна ацэньваць бытавыя ўмовы і свае магчымасці, каб некалі хатнія жывёліны не папоўнілі шэрагі бадзяжных.

Баляслаў Кулеш, загадчык Дзятлаўскай раённай ветэрынарнай станцыі:

– Галоўная мэта нашай дзейнасці – бяспека здароўя жывёлін і людзей. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 252 ад 28 чэрвеня 2019 года, адна з важнейшых задач ветэрынарнай службы раёна – не дапусціць распаўсюджання ў жывёлін асабліва небяспечных інфекцыйных захворванняў і перадачы іх чалавеку. З гэтай мэтай мы праводзім прафілактычныя мерапрыемствы, наведваем жыхароў сельскай мясцовасці, дзе прышчапляем хатніх жывёлін ад шаленства і падобных цяжкіх хваробаў. Разам з тым, клапатлівыя гаспадары могуць звярнуцца да нас са сваімі гадаванцамі, правесці дыягностыку, атрымаць парады па догляду, прафілактычныя прышчэпкі. Калі патрэбны больш сур’ёзныя ветэрынарныя працэдуры, вам спатрэбіцца звярнуцца ў суседнія гарады.

Дзмітрый Балькоўскі, начальнік Дзятлаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

– Апошнім часам стала модным трымаць дома дзікіх жывёлін. Сапраўды, такое магчыма ажыццявіць, але толькі строга кіруючыся законам. Ажыццяўляць адлоў і ўтрыманне дзікіх жывёлін можна ў двух выпадках. Першы – калі жывёліна знаходзіцца ў бядотным становішчы. Рашэнне па стане жывёліны і пытанні яе ўтрымання ў няволі вырашае спецыяльная камісія па аказанні дапамогі дзікім жывёлінам, якая працуе пры Дзятлаўскім райвыканкаме. Калі вы вырашылі трымаць дзікую жывёліну дома самі, то трэба, па-першае, атрымаць дазвол названай камісіі, па-другое, выканаць патрабаванні Міністэрства прыродных рэсурсаў па ўмовах утрымання дзікіх жывёлін у няволі. Напрыклад, тую ж казулю вы ніяк не зможаце трымаць у кватэры, для яе патрэбны вальер. На Дзятлаўшчыне былі выпадкі аказання дзікім жывёлінам дапамогі, аднак добраахвотнага жадання ўтрымліваць іх у сябе дома доўгатэрмінова ніхто не выказваў.

Наталля АВЯРЧУК

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации