У час летніх канікулаў стартавала рэспубліканская міжведамасная акцыя “Клопат”, мэта якой – не дапусціць траўмавання і гібелі дзяцей.
Прадоўжыцца яна да 1 кастрычніка.
Больш падрабязна аб ходзе мерапрыемства расказала інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Арына Грыб:

– Інспектары, наведваючы летнікі адпачынку, актыўна нагадваюць школьнікам раёна правілы бяспечнага баўлення вольнага часу. Асаблівую ўвагу надаём тым, хто раней ужо трапляў у поле зроку супрацоўнікаў міліцыі. Цікавімся, як праводзяць лета падлеткі, з якімі вядзецца індывідуальная прафілактычная работа і настойліва прапаноўваем ім карысныя віды заняткаў. У прыярытэце – працаўладкаванне ў студатрадах ці летніках працы і адпачынку, наведванне гурткоў і секцый.
Бацькам непаўналетніх варта памятаць, што паводле заканадаўства адказнасць за ўчыненне дзецьмі правапарушэнняў і злачынстваў надыходзіць з 16 гадоў, а за некаторыя супрацьпраўныя дзеянні – з 14 гадоў. Калі дзіця не дасягнула 14-гадовага ўзросту, але парушыла закон, прававыя наступствы панясуць як яго бацькі, так і сам парушальнік. Як правіла, гэта правядзенне індывідуальнай прафілактычнай работы з боку інспекцыі па справах непаўналетніх, калі супрацоўнікі міліцыі адсочваюць баўленне часу, кола сяброў, іншае. Як паказвае практыка, больш распаўсюджанымі правапарушэннямі сярод падлеткаў з’яўляюцца распіццё алкаголю і дробныя крадзяжы, у тым ліку ў сваіх аднагодкаў. Падлеткаў, якіх супрацоўнікі міліцыі затрымліваюць у стане алкагольнага ап’янення, акрамя індывідуальнай прафілактычнай работы чакае яшчэ і пастаноўка на ўлік да доктара-нарколага.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga