На Дзятлаўшчыне адбылася сустрэча раённага кіраўніцтва з маладымі спецыялістамі, якія прыбылі ў наш раён на свае першыя працоўныя месцы.



Форум, які праходзіў у гімназіі № 1 горада Дзятлава, сабраў таксама кіраўнікоў раённых службаў, лідараў грамадскіх і прафсаюзных аб’яднанняў. Удзельнікі абмеркавалі праблемы, якія могуць хваляваць моладзь на пачатку працоўнага шляху, выслухалі пытанні ад маладых работнікаў і далі на іх кампетэнтныя адказы, а таксама давялі актуальную інфармацыю, якая паспрыяе не толькі прафесійнаму станаўленню, але і якаснаму адпачынку.








Пачалася сустрэча са знаёмства: былі прадстаўлены не толькі кіраўнікі службаў, але і кожны малады спецыяліст коратка расказаў пра сябе.

Аб тым, што наш раён насяляюць 22 тысячы чалавек і ён адзінаццаты на Гродзеншчыне па колькасці жыхароў, пяты па тэрыторыі і за кошт санаторыяў “Радон” і “Альфа Радон” славіцца сваім турыстычным патэнцыялам, прысутным нагадаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.

– Для вас пачаўся няпросты перыяд, – падкрэсліў кіраўнік раёна, звяртаючыся да моладзі. – З навучальных установаў вы прыйшлі на рабочыя месцы. Вам даверана вялікая адказнасць – працаваць з людзьмі (дзецьмі, дарослымі), і гэта да многага абавязвае, вам аказаны сур’ёзны давер, апраўдайце яго.

Андрэй Уладзіміравіч параіў юнакам і дзяўчатам, якія стаяць на старце працоўнай дзейнасці, калі хто яшчэ гэтага не зрабіў, абавязкова атрымаць вышэйшую адукацыю, бо менавіта яна спрыяе сур’ёзнаму кар’ернаму росту. Таксама кіраўнік раёна выказаў спадзяванне, што большасць сённяшніх маладых спецыялістаў, а іх сёлета прыбыло 44 чалавекі, застануцца на Дзятлаўшчыне пасля тэрміну абавязковай адпрацоўкі. Тут яны будуць запатрабаваны, а наш раён, у сваю чаргу, хоць невялікі, але ўтульны і камфортны для жыцця, са зручнай лагістыкай. Ён пажадаў моладзі поспехаў, удачы і кар’ернага росту.
У ходзе размовы маладыя спецыялісты атрымалі шмат іншай карыснай інфармацыі аб магчымасцях, якія іх чакаюць, выгодах і сацыяльнай падтрымцы.

Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Сяргей Багдановіч расказаў аб этапах кар’ернага і прафесійнага росту.

Як можна атрымаць ільготны крэдыт, каб на новым месцы вырашыць бытавыя пытанні, патлумачыў дырэктар цэнтра банкаўскіх паслугаў № 407 ААТ “ААБ Беларусбанк” Аляксей Уцін.


Намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік падрабязна расказаў аб пастаноўцы на чаргу маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў.


З турыстычным патэнцыялам Дзятлаўшчыны маладых работнікаў азнаёміла галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка.








Якія ў раёне ёсць магчымасці культурнага і спартыўнага адпачынку, развіцця творчых здольнасцяў моладзі, прадставілі загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда, намеснік дырэктара Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Анастасія Голуб, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

Настаўніца-дэфектолаг Хвінявіцкай сярэдняй школы, член моладзевага парламента пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ангеліна Мазура падзялілася ўласным вопытам, як можна паспяхова ўдасканальваць прафесійныя навыкі і адначасова быць актыўным у грамадска-палітычным жыцці краіны.












Яркую музычную паштоўку для прысутных падрыхтавалі Аліса Дзірвук, Анастасія Цяцерына, Валерый Макарчык, Дыяна Болбат, Аляксандра Міклаш.

Прыемным падарункам для ўдзельнікаў форуму стала аглядавая экскурсія па райцэнтры з сімвалічнай назвай “Мястэчка Дзятлава”, якую правяла дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Вераніка Паўлоўская.













Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае