“Маладосць прафесіяналізму не перашкода” – так кажуць пра маладога камбайнера КСУП “Войневічы” Дзмітрыя Сухецкага, які першым у сваёй гаспадарцы намалаціў звыш тысячы тон збожжа.
Яшчэ гадоў дзесяць таму малады чалавек аб такім поспеху нават і не марыў. Прыйшоўшы ў гаспадарку пасля заканчэння сельскагаспадарчага вучылішча, ён акунуўся ў работу хлебароба. Спачатку маладому спецыялісту дапамагалі старэйшыя калегі – і вынік не прымусіў доўга сябе чакаць.
– У перыяд уборачнай кампаніі самае галоўнае – думаць пра ўраджай. Мы ў адказе за хлеб, які ў аптымальныя тэрміны і без страт павінны даставіць з палёў у засекі, – разважае Дзмітрый. – Так па крупінцы кожны з нас уносіць свой важкі ўклад у вялікую справу. Разуменне гэтага і з’яўляецца асноўным стымулам на плённую працу.
Дзмітрыю цяпер 29 гадоў. Для такога маладога чалавека 10 гадоў –прыстойны стаж працы. Як прызнаецца перадавік, любоў да зямлі ў яго сэрца заклалі бацькі. Яны сваім прыкладам паказвалі, што праца на зямлі – справа ганаровая ва ўсе часы.
– Вырас я ў вёсцы Лядзіны. Мой бацька, які ўсё жыццё працаваў вадзіцелем, з маленства прывіваў у нас з братам цікавасць да тэхнікі, – дзеліцца ўспамінамі Дзмітрый Сухецкі.
Старэйшы брат Дзмітрыя – Павел, таксама працуе механізатарам, неаднаразова станавіўся лідарам у час сяўбы і нарыхтоўцы кармоў.
Дзмітрый прызнаецца, што сакрэт яго поспеху просты – своечасовае выкананне пастаўленых задач, адказнасць, стараннасць, добрасумленнасць і, самае галоўнае, – павага ў калектыве.
– Работа ў гаспадарцы наладжана вельмі добра, – працягвае Дзмітрый. – У любой сітуацыі на дапамогу прыйдуць калегі, кіраўніцтва. Добра працуе інжынерная служба, а спецыялісты не пакінуць сам-насам з праблемамі.
Поспеху шмат у чым спрыяюць высокая ўраджайнасць, добра падрыхтаваная тэхніка, веданне сваёй справы. На камбайне маркі КЗС-1218 Дзмітрый Сухецкі працуе ўжо чацвёрты год. Падрыхтаваў яго да жніва малады механізатар своечасова, таму тэхніка працавала з максімальнай аддачай. На рахунку Дзмітрыя 1 017 160 тон зерневых, 126 625 тон рапсу. Да адказнасці і працавітасці камбайнера ў гаспадарцы ставяцца з павагай. Таму з пачаткам новага аграрнага працэсу корманарыхтовачны камбайн КВК-800, які гаспадарка набыла ў лізінг, сёлета даверылі менавіта Дзмітрыю Сухецкаму.
Быць лідарам жніва і перадавіком не толькі прэстыжна, але і матэрыяльна выгадна. Спаборніцкі прынцып сярод калег, безумоўна, прысутнічае, аднак за рэкорднымі намалотамі ўсе ўдзельнікі жатвы прытрымліваюцца галоўнага: працаваць камандай, своечасова і без страт убраць ураджай. Так шчырае жаданне якасна выканаць пастаўленыя задачы і не падвесці калег, дапамаглі заняць Дзмітрыю Сухецкаму такое ганаровае званне – лідар жніва, аднак сам механізатар да гэтага ставіцца спакойна.
– Я проста выконваў сваю галоўную задачу – убіраў ураджай, – сціпла гаворыць Дзмітрый, і тут жа дзякуе за такі высокі вынік працы настаўнікам, калегам, кіраўніцтву і сваёй сям’і – жонцы і дзецям.
Дзмітрый з радасцю адзначае, што сёлетняя перамога для яго – адна з першых, але, спадзяецца, не апошняя. Ён не разумее, чаму моладзь, якая нарадзілася і вырасла ў вёсцы, імкнецца ў горад. Тут свая гаспадарка, экалагічна чыстыя прадукты, свежае паветра, а жыць годна, ён упэўнены, і на вёсцы цяпер можна.
– Мяне зарплата ў гаспадарцы задавальняе. Калі чалавек настроены працаваць, зарабіць можна, – прызнаецца Дзмітрый. А назапасіць свой асабісты “залаты запас” у яго ёсць стымул: вялікая сям’я і выдаткаў патрабуе немалых.
З размовы з механізатарам разумееш, што ўсе тонкасці працы хлебароба па-сапраўднаму пазнаюцца менавіта з дзяцінства. А калі агульная справа становіцца яшчэ і справай сямейнай, то кожная новая тона збожжа – маленькая асабістая перамога.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ