Дзверы Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС расчыніліся для выхаванцаў дзённага выхаваўча-аздараўленчага лагера “Эрудыт” гімназіі № 1 горада Дзятлава.
Міліцыянер-кінолаг групы затрымання Дзмітрый Абрамчык расказаў дзецям, як кінолагі і іх гадаванцы дапамагаюць гарантаваць бяспеку і падтрымліваць правапарадак, паказаў, як праходзяць трэніроўкі і якія каманды павінен ведаць службовы сабака. Яны з захапленнем назіралі, як сабака выразна рэагаваў на голас гаспадара і выконваў заданні рознай складанасці.

Камандзір узвода міліцыі Іван Валчкевіч паведаміў аб рабоце падраздзяленняў Дэпартамента аховы, іх аснашчэнні і асаблівасцях службы. Ён падкрэсліў, як важна для супрацоўнікаў умець хутка прымаць рашэнні, быць уважлівымі і дзейнічаць зладжана.

Сустрэча атрымалася не толькі займальнай, але і пазнавальнай.
Выхаванцы лагера наведалі і Дзятлаўскую раённую бібліятэку. Для іх падрыхтавалі пазнавальна-забаўляльнае мерапрыемства “Восеньскі перапалох у Кніжным царстве”.

Супрацоўнікі ўстановы пазнаёмілі наведвальнікаў з бібліятэкай, расказалі пра кніжны фонд і запрасілі адправіцца ў захапляльнае падарожжа. Мерапрыемства падарыла юным эрудытам добры настрой і нагадала аб тым, што чытанне дапамагае даведвацца новае, развівае ўяўленне і адкрывае дзверы ў дзіўны свет прыгод.

Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga