У аздараўленчым летніку “Вясёлая планета” Дварэцкай сярэдняй школы прайшоў тэматычны дзень “Закон, бяспека і паспяховы выбар”.
Дзеці пабывалі ў РАНС і пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1. Яны ўбачылі рабочыя кабінеты, пакоі адпачынку, сталовую, але самае вялікае захапленне выклікала магчымасць прымерыць баявое адзенне ратаўніка, адчуць яго вагу і прайсці праз задымлены лабірынт, дзе імітаваны сапраўдны пажар. Кожны ўдзельнік змог пасядзець у кабіне спецтэхнікі, даведацца, як працуюць аварыйна-выратавальныя аўтамабілі, задаць пытанні тым, хто кожны дзень рызыкуе жыццём дзеля выратавання іншых.
Затым атрад адправіўся ў АУС райвыканкама, дзе супрацоўнікі міліцыі правялі важную размову аб прававой адказнасці непаўналетніх, паказалі запісы з камер відэаназірання, якія фіксуюць правапарушэнні, патлумачылі, да чаго прыводзяць неабдуманыя ўчынкі, як не стаць ахвярай махляроў, паводзіць сябе ў канфліктных сітуацыях і чаму важна заўсёды заставацца законапаслухмяным грамадзянінам.
На тэрыторыі летніка выхаванцы вучыліся супрацьстаяць ціску аднагодкаў, не паддавацца на небяспечныя прапановы і адстойваць сваю пазіцыю, адпрацоўвалі фігурнае ваджэнне веласіпеда, паўтараючы правілы дарожнага руху. Прынялі ўдзел у хвілінках здароўя аб бяспецы на вуліцы і экалагічным турніры “Знаўцы прыроды Беларусі”. А завяршыўся дзень інтэлектуальнай гульнёй “Святлафор”, дзе замацавалі веды правілаў дарожнага руху.
Не забыліся і пра спорт: прайшлі спаборніцтвы па баскетболе, турнір здаравякоў “Два капітаны”, гадзіна здароўя і спорту.





Каб пазнаваць свет
Выхаванцы палатачнага летніка “Экатурыст” Круцілавіцкай базавай школы актыўна падарожнічаюць, вывучаючы мінулае і сучаснасць свайго раёна, краіны. У адзін з дзён ліпеня яны наведалі Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей, дзе пабывалі на выставе работ Васіля Бортніка, прайшлі займальную квэст-гульню “Разведчыкі”. Цікавай была экскурсія ў касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Выхаванцы даведаліся, калі і кім ён быў пабудаваны, якія гістарычныя падзеі з ім звязаны.
Пабывалі і на прадпрыемстве “Лідахарчканцэнтраты”, якое з’яўляецца буйным вытворцам прадуктаў хуткага прыгатавання, спецый і сухіх сняданкаў. Яны не толькі ўбачылі, як атрымліваюць іх любімы “Хрумсцік”, але і паспрабавалі яго розныя віды, атрымалі салодкія падарункі, а таксама яркія ўражанні.
У час экскурсіі ў Лідскі дзяржаўны гісторыка-мастацкі музей – філіял Лідскі замак даведаліся пра яго гісторыю, пабывалі ў розных памяшканнях і ўбачылі, як тут жылі людзі і чым займаліся.
Запомнілася дзецям і “салодкая” экскурсія на аграсядзібу “МёдПанацэя”. Яны ўбачылі, як жывуць сем’і пчолак, што такое борці, даведаліся пра пчаліны “санаторый”, як праходзіць аздараўленне на пчаліных ляжанках. І, вядома ж, пачаставаліся мёдам і травяным чаем.




Падрыхтавала да друку Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga