Сёння, 25 снежня, у кожны дом вернікаў-каталікоў увайшло вялікае свята – Нараджэнне Хрыстовае. У канцы такога светлага дня дзятлаўчане сабраліся ў актавай зале Цэнтра культуры і народнай творчасці, дзе ладзілася святочная канцэртная праграма з удзелам артыстаў беларускай эстрады.
Душэўнымі песнямі “разагравалі” зал артысты нашага раёна – Ганна Харлінская і вакальная група сярэдняй школы №3 горада Дзятлава.
Замілаванне на тварах прысутных выклікалі маленькія ўдзельнікі дзіцячай танцавальнай студыі “Сунічкі”. Дзяўчаты ў касцюмах кацянятаў паказалі, здаецца, увесь спектр эмоцый: ад суму да шчырай радасці.
Вядома ж, і незвычайным танцам пад падзёрую музыку здзівілі.
Як узгадвалася, свае таленты да нас прыехалі прадэманстраваць знакамітыя беларускія артысты. Пасля вясёлага і трохі забіяцкага дзіцячага нумару на сцэну выйшаў саліст дзяржаўнага моладзевага тэатра эстрады Яўген Ермалковіч з лірычнай кампазіцыяй.
Артыст павіншаваў дзятлаўчан з вялікім святам і адзначыў, што такой цеплыні і шчырых вачэй, як у прысутных, ён не бачыў у іншых гарадах.
На сцэне выступалі таксама Уладзімір Аўчук і Мікіта Ісаеў. Артысты прывезлі разнажанравую праграму. Гучалі і класічныя песні, і папулярныя шлягеры.
Не абыйшлося і без гумару. Марыя Трэццякова і Зінаіда Фурор (Яўген Ермалковіч) аб’ядналіся ў жартоўны тандэм, ад якога не змаўкаў смех у зале.
Запрашалі яны да сябе на сцэну і самых актыўных дзятлаўчан. Разам з артыстамі жыхары Дзятлаўшчыны і спявалі, і танцавалі, і быццам усё жыццё сябравалі.
Самым нечаканым момантам для жыхароў горада і раёна стаў невялікі конкурс, для ўдзелу ў якім запрасілі трох чалавек. Выпала так, што смелымі аказаліся менавіта мужчыны. Пасля выканання ўмоваў конкурсу яны рыхтаваліся вярнуцца на свае месцы ў зале, але дзе там было! Вясёлыя артысты проста так нікога не адпусцілі, а кожнаму канкурсанту ўручылі якасныя прызы.
Два мужчыны атрымалі тостар і блэндар.
Трэцяму дастаўся фен. Магчыма, яму больш пашанцавала зэканоміць на навагоднім падарунку для кагосьці са сваіх знаёмых жанчын.
Такі святочны канцэрт – гэта добры пачатак тых мерапрыемстваў, якія будуць радаваць жыхароў Дзятлаўшчыны ў калядныя і навагоднія дні.
Юлія БАКУНОВІЧ