Чалавек нараджаецца і адразу трапляе ў цёплыя, ласкавыя і ўтульныя абдымкі сваёй матулі, у якіх адчувае сябе ў поўнай бяспецы.

Сустракаючыся з роднымі і блізкімі людзьмі, мы абдымаем адзін аднаго, такім чынам выказваючы тыя шчырыя пачуцці любові, якія адчуваем да іх, і ніякія словы не заменяць іх. Напэўна, у сямейным альбоме кожнай сям’і ёсць шмат падобных фотаздымкаў, і, гледзячы на іх, толькі і можна сказаць, што няма больш шчаслівага чалавека, які знаходзіцца ў гэтых абдымках.

Шкада, што сучасныя рэаліі не дазваляюць нам карыстацца гэтым рытуалам, і, напэўна, кожны ўжо гэта адчуў. Часам мы самі сябе пазбаўляем такіх простых, але такіх патрэбных для ўсіх нас рэчаў, не надаючы гэтаму вялікае значэнне.

Нездарма абдымкам прысвечаны цэлы Міжнародны дзень, які адзначаецца 21 студзеня.

Навукоўцы даказалі, што абдымкі станоўча адбіваюцца на стане здароўя чалавека, і ўстанавілі той факт, што яны спрыяюць павышэнню імунітэту, нармалізацыі работы нервовай, эндакрыннай і сасудзістай сістэм, зніжаюць стрэс і напружанне і нават падымаюць гемаглабін.

На мой погляд, абдымкі – гэта, з аднаго боку, асаблівы спосаб выявіць павагу, прыхільнасць да чалавека, а з другога – кальцо бяспекі, любові і маленькага хвіліннага шчасця. Хіба вы не адчувалі часам моцную патрэбу апынуцца ў абдымках блізкага чалавека, асабліва калі вам дрэнна, калі неабходна падтрымка і клопат? Толькі заплюшчыўшы вочы і ўявіўшы сабе карціну, што ты ў абдымках рук блізкага табе чалавека, ужо адчуваеш цяпло яго рук на сваіх плячах. Або першы раз узяўшы на рукі сваё дзіця… Я не магу падабраць слоў, каб выказаць гэтыя пачуцці, эмоцыі перапаўняюць цераз край.

Мне здаецца, што на ўзроўні падсвядомасці ў арганізме чалавека ў гэтыя хвіліны адбываецца нешта няўяўнае, няўлоўнае, але несумненна вельмі каштоўнае і дарагое, тое, што кожны з нас будзе памятаць заўсёды. Ад гэтых карцін, намаляваных ці то нашым уяўленнем, ці то нашай памяццю, як быццам зыходзіць сонечнае святло. І мы ідзём на гэтае святло, таму што ведаем – у ім наша жыццё.

Можа, і зашмат сказана аб звычайных абдымках, скажаце вы! А давайце правядзём эксперымент і праверым, ці так гэта, толькі не забудзем надзець пальчаткі і маскі! Бо для гэтага нічога не трэба. Проста часцей і мацней абдымаць ад душы!

Прыслухаемся да сваіх пачуццяў, адчуванняў і дазволім сабе прыняць або падарыць спакой і добры настрой, цяпло, любоў і клопат усім, хто нам дарагі, усім, каго мы не ведаем, але хацелі б падтрымаць.

Бо гэта нам пад сілу, гэта закладзена ў нас самой прыродай!

Наталля КАЛОДКА

Похожие публикации